BE RU EN

24 гады таму СССР спыніў існаванне

  • 8.12.2015, 9:46

8 снежня 1991 года ў рэзідэнцыі «Віскулі» было падпісанае пагадненне аб стварэнні СНД.

Белавежскае пагадненне паклала канец гісторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Аб спыненні яго існавання абвясцілі лідары тых савецкіх рэспублік, якія ў 1922 годзе яго і заснавалі. Ад Беларусі пагадненне падпісалі старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і прэм'ер-міністр Вячаслаў Кебіч.

21 снежня, у Алматы кіраўніка 11 былых саюзных рэспублік (акрамя балтыйскіх краін і Грузіі) падпісалі пратакол, у якім падкрэслілі, што Азербайджанская Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кіргізская Рэспубліка, Рэспубліка Малдова, Расейская Федэрацыя, Рэспубліка Таджыкістан, Туркменістан , Рэспубліка Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках ўтвараюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

Удзельнікі сустрэчы прынялі дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць былых саюзных рэспублік супрацоўніцтву ў розных галінах замежнай і ўнутранай палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнародных абавязанняў былога СССР.

У снежні 1993 года да СНД далучылася Грузія, якая пакінула яго ў 2009 годзе пасля ўзброенага канфлікту з Расеяй.

Лукашэнка неаднаразова выказваў шкадаванне праз падпісанне Белавежскіх пагадненняў і крытыкаваў кіраўнікоў Беларусі, Украіны і Расеі, якія паставілі свае подпісы пад гістарычным дакументам. Месцазнаходжанне яго арыгінала невядомае.

«Апошні раз я бачыў арыгінал Белавежскага пагаднення, калі яго падпісваў, - распавядаў раней першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. - Больш я яго не бачыў. Ведаю, што на рускай мове была факсімільная копія, то ёсць ксеракопія, якую потым прагортваў у дакументах. Але я зыходжу з таго, што на момант падпісання Белавежскага пагаднення яго дэпазітарыем, то ёсць захавальнікам, выступаў МЗС Беларусі. Але пытанне - хто і чаму паводзіў сябе бязладна? - У мяне пакуль без адказу...»

Паколькі Пагадненне аб стварэнні СНД было апублікаванае ў афіцыйных выданнях, зарэгістраванае пасля яго ратыфікацыі ў парламенце ва ўстаноўленым парадку, яно і сёння, нягледзячы на адсутнасць сапраўднага тэксту ў дэпазітарыі, не страціла юрыдычнай сілы з усімі вынікаючымі адсюль прававымі наступствамі.

Апошнія навіны