BE RU EN

Зміцер Дашкевіч: Вылучэнне Статкевіча - ясная і зразумелая стратэгія

  • 10.02.2015, 11:22

У выпадку нерэгістрацыі палітвязня трэба аб'яўляць байкот.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў сустаршыня «Маладога фронту» і былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, каментуючы ініцыятыву вылучэння Мікалая Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2015 года. Палітык назваў гэты крок найбольш зразумелым і лагічным для дэмакратычных сілаў Беларусі.

- Для мяне абсалютна відавочна, што патрабаванне вызвалення палітвязняў павінна стаяць першым пунктам для апазіцыі, - сказаў Зміцер Дашкевіч. - Без яго выканання яна не мае маральнага права браць удзел у любой кампаніі, тым больш у прэзідэнцкіх выбарах. Вылучэнне Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам - самая прымальная, зразумелая, ясная і лагічная стратэгія з тых, якія могуць быць. Калі хто-небудзь заяўляе аб тым, што яна нерэальная (пра гэта ўжо напісалі некаторыя палітолагі), то магу адказаць, што яна не менш рэальная, чым вылучэнне любога беларускага палітыка ў якасці кандыдата ў прэзідэнты краіны. Больш за тое, гэтая стратэгія найбольш зразумелая грамадству: нельга праводзіць прэзідэнцкія выбары ў той час, як адзін з удзельнікаў папярэдняй кампаніі, якая прайшла пяць гадоў таму, дагэтуль знаходзіцца за кратамі.

Я ўпэўнены, што калі дэмакраты паміж сабой дамовяцца хаця б у гэтым пытанні і вылучаць Мікалая Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата, то ён выйдзе на волю ўжо бліжэйшым часам. Зарэгіструюць яго ў якасці кандыдата ці не - гэта ўжо больш складанае пытанне, так як Аляксандр Лукашэнка разумее, што гэта моцны з маральнага пункту гледжання праціўнік. Але ўлады вымушаныя будуць вызваліць Мікалая Статкевіча і іншых палітвязняў.

Калі ж Статкевіча не зарэгіструюць, то ўдзельнічаць у гэтых выбарах нельга. У сітуацыі наяўнасці ў Беларусі палітвязняў адзінай формай удзелу ў выбарчай кампаніі можа быць толькі байкот - абсалютна ясны з пункту гледжання маралі адказ рэжыму. У іншым выпадку апазіцыя канчаткова страціць свой аўтарытэт у беларускім грамадстве, мяркуе лідар «Маладога Фронту».

Фота: БелаПАН

Апошнія навіны