BE RU EN

Мэркель і Аланд кіруюцца ў Менск

  • 11.02.2015, 12:05

(абноўлена) Саміт «нармандскай чацвёркі» пачнецца не раней за 18:00.

Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель прынялі пастанову адправіцца ў Менск для ўдзелу ў перамовах. Пра гэта паведаміў Елісейскі палац.

У заяве падкрэсліваецца, што абодва палітыкі «збіраюцца прыкласці ўсе намаганні», каб дамагчыся поспеху, піша «Наша Нiва».

Тым часам МЗС Беларусі просіць журналістаў прыбыць у Палац Незалежнасці а 15:00.

Асвятляць саміт з удзелам Мэркель, Аланда, Парашэнкі і Пуціна будуць блізу 400 журналістаў.

Як паведамляе «Інтэрфакс-Украіна», сустрэча прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна пачнецца прыкладна а 18:00.

Аднак, з інфармацыі агенцтва AFP, саміт у «нармандскім фармаце» пачнецца ў Менску а 19.30 паводле менскага часу.

Нагадаем, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў мяркуе, што канцлерка Нямеччыны і прэзідэнт Францыі, калі яны прыедуць у Менск, абавязаны запатрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў, інакш яны страцяць годнасць, прынамсі, у вачах беларусаў. «Увогуле, Ангела Мэркель павінна была запатрабаваць вызваліць кандыдата ў прэзідэнта Мікалая Статкевіча яшчэ да свайго прыезду ў Менск. Зрабіць гэта яшчэ не позна. Нельга змагацца з адным дыктатарам, звяртаючыся да паслуг іншага. Нельга выратаваць украінцаў, аддаючы беларусаў», - упэўнены Андрэй Саннікаў.

Апошнія навіны