Лукашэнка пра перамовы: Елі яечню, выпілі некалькі вёдраў кавы
- 12.02.2015, 15:01
Дыктатар распавёў журналістам пра некаторыя падрабязнасці арганізацыі перамоваў лідараў "нармандскай групы" ў Палацы Незалежнасці.
"І накармілі, і ўсім забяспечылі - вы бачылі, як гэта было арганізавана, - сказаў беларускі дыктатар. - Усім кармілі, што ў Беларусі, Расеі вырабляецца".
"Елі яечню, сыр, малочныя прадукты, выпілі некалькі вёдраў кавы", - распавёў ён.
"Па чарзе, я так разумею, спалі, асабліва экспэрты - адзначыў ён. – Па чарзе спалі, бо галава павінна быць светлая пры такіх фармулёўках дамоваў". Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што кіраўнікі дзяржаў адпачыць не змаглі, паведамляе БелТА.
Адказваючы на пытанне журналістаў аб тым, ці змог Лукашэнка паспаць гэтай ноччу, ён адзначыў: "Як я магу спаць?" "Як без боепрыпасаў можа ісці вайна на мірным фронце? - вобразна выказаўся Лукашэнка. - Мая задача была боепрыпасы падносіць своечасова. Таму я стараўся выконваць сваю функцыю. Вы бачыце, што ў Менску ў нас усё размеркавана і кожны робіць сваю справу".
Фота: AP