Барыс Нямцоў: Гэта не мір, а часовае замірэнне
- 12.02.2015, 17:27
Два ключавыя пытанні - адсутнасць кантролю мяжы паміж РФ і Украінай і незразумелы статус акупаваных тэрыторый.
Пра гэта заявіў, каментуючы перамовы ў Менску, расейскі апазіцыянер Барыс Нямцоў у інтэрв'ю выданню gordonua.com.
«Я мяркую, што гэта ніякі не мір, а замірэнне, - сказаў ён. - Сітуацыя вельмі далікатная і няўстойлівая і ў кожны момант можа парушыцца. Ключавая праблема - гэта кантроль мяжы. Паколькі гэты кантроль да канца года застаецца за Пуціным і ягонымі бандытамі, то гэта азначае, што кожная, у тым ліку і вайсковая, дапамога - пастаўкі зброі і людзей, могуць быць у кожны момант адноўленыя.
Цяпер два ключавыя пытанні - адсутнасць кантролю над мяжой і незразумелы статус гэтых тэрыторый. Гэта робіць сённяшнюю дамоўленасць не мірам, а замірэннем. Колькі яно прадоўжыцца, я не ведаю - можа тыдзень-два, можа месяц, а можа два дні. Да развязання пытання яшчэ вельмі і вельмі далёка. Яны прасунуліся ледзь-ледзь, але гэта не мірная дамова, а пагадненне аб замірэнні».
Перамовы лідараў Украіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны ў Менску доўжыліся 17 гадзін. У выніку бакам удалося ўзгадніць дакумент, які прадугледжвае поўнае спыненне агню, абмен палоннымі, таксама крокі па імплементацыі Менскіх дамоўленасцей, якія былі дасягнутыя яшчэ ў верасні.