Бізнэс на беспрацоўных: вакансіі з адкрытых крыніц прадаюць за 740 тысяч
- 13.02.2015, 9:14
У Беларусі ўсё часцей сустракаецца рэклама паслуг у пошуку вакансій.
На фоне ажыятажу ў цэнтрах занятасці прадпрымальныя беларусы прадаюць інфармацыю, якую можна знайсці ў адкрытых крыніцах. Спецыялісты Мінгандлю нагадваюць, што гэтыя звесткі бясплатныя, але кажуць, што прыцягнуць да адказнасці за надавання такіх паслуг не ўяўляецца магчымым, піша tut.by.
Як адзначаюць у Мінгандлю, за 500-740 тысяч рублёў «прадаўцы» прапануюць інфармацыю з адкрытых крыніц. Спакусіўшыся магчымасцю знайсці працу з высокім заробкам, беспрацоўныя ахвотна купляюць прапанаваны «тавар». Калі ж высвятляецца, што вакансія ўжо неактуальная, а грошы выдаткаваныя марна, вярнуць свае крэўныя ўжо нельга.
- Называць ашуканцамі людзей, якія прадаюць падобную інфармацыю, не ўяўляецца магчымым. Яны зарэгістраваныя як індывідуальныя прадпрымальнікі, якія вядуць даведачна-інфармацыйныя паслугі. Размяшчаючы свае прапановы ў газетах з рэкламнымі аб'явамі, яны паказваюць, што паслугі платныя, - адзначае начальніца ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Мінгандлю Ірына Барышнікава.
Таму Мінгандлю проста нагадвае, што любы беспрацоўны можа знайсці гэтую інфармацыю ў адкрытых крыніцах цалкам бясплатна. Да прыкладу, на сайце Мінпрацы або ў любым цэнтры занятасці.
- Браць з беспрацоўнага грошы, пры гэтым не гарантаваць нічога, некарэктна. Тым больш Міністэрства працы і сацыяльнай абароны праводзіць вялікую працу ў працаўладкаванні грамадзян. Усе прадпрыемствы, у якіх ёсць вакансіі, падаюць звесткі праз Мінпрацы, якія вядуць рэестр гэтых вакансій, - звяртае ўвагу Ірына Барышнікава. - Таму перш чым згаджацца на такую паслугу, як купля інфармацыі з адкрытых крыніц, варта самастойна пашукаць яе ў рэестрах дзяржорганаў.
Са слоў Ірыны Барышнікавай, спецыялісты міністэрства знайшлі некаторыя парушэнні ў дзеяннях прадаўцоў падобнай інфармацыі і «цяпер вядзецца адміністрацыйны працэс, інфармацыю аб якім агучваць заўчасна».
Акрамя таго, фірмы і ІП, якія вядуць інфармацыйна-даведачныя паслугі, прапануюць купіць звесткі аб арганізацыях, якія выдаюць пазыкі фізічным асобам. У Мінгандлю звяртаюць увагу, што такая інфармацыя таксама даецца дзяржустановамі бясплатна. Звесткі аб мікрафінансавых арганізацыях, якія выдаюць пазыкі на законных падставах, месцах выдавання пазык і кантактныя звесткі размешчаныя на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка.