Украінская журналістка распавяла, што было перад «брэхам» LifeNews (Відэа)
- 13.02.2015, 11:02
Сталі вядомыя падрабязнасці скандалу з прапагандыстам з LifeNews, які брахаў на журналістаў у Менску.
Падчас сустрэчы кіраўнікоў Украіны, Францыі, Расеі і ФРГ у Менску аб урэгуляванні канфлікту ў Данбасе журналіст расейскага тэлеканала LifeNews пачаў «брахаць» на ўкраінскую журналістку Вольгу Кашэленку, паведамляе «Радыё Свабода».
З яе слоў, падставай для пачатку дыялогу стала тое, што падчас жывых уключэнняў гэты журналіст хлусіў. У Палацы Незалежнасці, дзе адбылася афіцыйная сустрэча кіраўнікоў чатырох дзяржаў - Пятра Парашэнкі, Ангелы Мэркель, Франсуа Аланда і Уладзіміра Пуціна - аб урэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, сабраліся больш за 500 прадстаўнікоў розных СМІ.
Сярод карэспандэнтаў вызначыўся журналіст расейскага тэлеканала LifeNews Аляксандр Юнашаў: як толькі відэа з ягоным брэхам на ўкраінскіх калегаў трапіла ў інтэрнэт, у сацсетках адбыўся выбух «гумару» і «абурэння».
Зрэшты, не ўсе так адназначна ўспрынялі паводзіны журналіста LifeNews. Анатоль Сулейманаў, галоўны рэдактар гэтага расейскага канала, на сваёй старонцы ў Twitter напісаў, што на месцы свайго калегі ён дзейнічаў б больш радыкальна.
Журналістка тэлевізійнай службы навін канала «1 + 1» Вольга Кашэленка распавяла, што журналіст LifeNews запісваў прамы эфір, і сярод яго слоў была такая інфармацыя, якая, на яе думку, не адпавядае рэчаіснасці:
«Ён рабіў такія жывыя ўключэнні, і ў адным ён распавядаў пра тое, што ўкраінскія журналісты прыехалі ў адзенні з надпісам «Украіна». Ну як я пісала ўжо на Facebook, гэта быў адзіны аператар з ТРК «Украіна», які сапраўды меў брэндавую куртку. А ў наступным уключэнні, якое чула мая калега, ён распавядаў, што ўкраінскія журналісты паводзяць сябе вельмі агрэсіўна, і мы проста падышлі спытаць, чаму ён мяркуе, што мы агрэсіўна сябе паводзім», - пракаментавала карэспандэнт тэлеканала «1 + 1» Вольга Кашэленка.