BE RU EN

Тымчук: Расслабляцца пасля саміту ў Менску - найвялікшае глупства

  • 13.02.2015, 16:54

Подпісы пад Менскімі дамоўленасцямі - хімера.

Як толькі Украіна пакажа слабасць у Данбасе, толькі ўкраінскія сілавікі дазволяць тэрарыстам наступаць, і на ўсіх выніках перамоваў можна ставіць крыж.

Пра гэта напісаў у «Фэйсбуку» вайсковы экспэрт і дэпутат ад «Народнага фронту» Зміцер Тымчук, каментуючы новыя дамоўленасці ў Менску.

«Як і варта было чакаць, з падпісаннем дамоўленасцяў у Менску расейска-тэрарыстычныя войскі сутаргава спрабуюць пашырыць зону свайго кантролю на Данбасе. Аднак усе мы выдатна ўсведамляем, што чым бы не скончыліся гэтыя спробы, пасля 15 лютага зусім не варта спадзявацца, што дамоўленасці будуць выконвацца тэрарыстамі.

Аднак, ужо другі дзень у грамадстве, у экспэртным асяроддзі, у палітычных колах працягваюцца спрэчкі: перамагла або саступіла Украіна з гэтымі дамоўленасцямі?

Дазволю выказаць сваё меркаванне. Я цалкам дапускаю, што калі казаць пра «мірнае ўрэгуляванне канфлікту» (сцэнар, да якога я стаўлюся з велізарным скепсісам паводле вызначэння), падпісаны дакумент - далёка не найгоршы варыянт. Аднак пры адной агаворцы: дамоўленасці складзеныя такім чынам, што ўвесь далейшы ход падзей цалкам залежыць ад Пуціна, і ў гэтым іх галоўная загана.

Гэта значыць, калі гаспадар Крамля наважыць і далей дэманстраваць неадэкватнасць, Украіна тут жа саступіць. Пачынаючы з таго, што «мясцовыя выбары» ў Данбасе, згодна з дакументам, праводзяцца да закрыцця мяжы. А значыць - хай і ў «адпаведнасці з украінскім заканадаўствам» (яшчэ той жарт), але пад наглядам «зялёных чалавечкаў» з РФ. Атрымліваем варыянт «Крым-2», у якім вынікі «выбараў» будуць вызначацца ў Маскве», - піша ён.

Другі момант - легалізацыя «ДНР» і «ЛНР».

«Хай гэтыя абрэвіятуры і не фігуруюць у дакуменце, але ўсе мы разумеем, пра якую мясцовую «народную міліцыю» (цытата: «стварэнне атрадаў народнай міліцыі паводле пастановы мясцовых радаў...»), якая павінна атрымаць легальны статус, ідзе гаворка.

І тут жа паўстае пытанне аб «адсутнасці аўтаноміі», у чым нас пераконвае ўкраінская ўлада: пра якую «не аўтаномію» ідзе гаворка, калі на гэтых тэрыторыях будуць існаваць «мясцовыя» ўзброеныя фармаванні (тая самая «народная міліцыя»), якія не падпарадкоўваюцца Кіеву? Калі гэта не аўтаномія - я тады не ведаю, што хаваецца пад гэтым тэрмінам. Пры гэтым уся гэтая «не аўтаномія» працягне знаходзіцца пад моцным уплывам РФ, а значыць, застанецца патэнцыйным плацдармам для новых віткоў агрэсіі з боку Масквы.

Калі ж Пуцін прадэманструе адэкватнасць (у што верыцца з цяжкасцю, ведаючы яго праблемы псіхічнага плана), і скарыстаецца магчымасцю без лішняга шуму прыбрацца з Данбаса і забыцца аб праекце «Новаросіі», сітуацыя для Украіна будзе выглядаць куды аптымістычней. Пры ўсіх негатыўных момантах, прапісаных у Менскіх дамоўленасцях, Кіеў зможа за пару гадоў вярнуць сабе поўны кантроль над Данбасам. Праўда, толькі ў выпадку рэалізацыі мудрай і ўзважанай стратэгіі (актыўная інфармацыйная работа з мясцовым насельніцтвам і нейтралізацыя прапаганды РФ, фармаванне грамадскай думкі ў рэгіёне, уплыў на мясцовыя органы ўлады, барацьба з карупцыяй на мясцовым узроўні, сацыяльны складнік і г.д.), з чым, на жаль, ва ўкраінскай улады заўсёды было не пазітыўных вынікаў.

Але гэта ўсё тэорыя. Рэаліі ў тым, што калі хто наважыў расслабіцца пасля падпісання дакумента ў Менску - гэта найвялікшае глупства. Подпісы пад Менскімі дамоўленасцямі - нішто, штыкі - усё. Толькі Украіна пакажа слабасць на Данбасе, толькі нашы сілавікі дазволяць тэрарыстам наступаць, і на ўсіх выніках перамоваў можна ставіць крыж», - адзначае Зміцер Тымчук.

Нагадаем, у Менску 12 лютага адбыліся перамовы аб урэгуляванні крызісу ў Данбасе з удзелам прэзідэнта Украіны Парашэнкі, прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

Фота: ukranews.com

Апошнія навіны