BE RU EN

The Times: Менскія пагадненні сталі падарункам для Пуціна

  • 13.02.2015, 18:30

Выданне піша, што Мэркель і Аланд дапамаглі прэзідэнту Расеі замарозіць вайну на Усходзе Украіны.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін вельмі задаволены сабой, паколькі яму амаль удалося беспакарана захапіць Крым і распаліць вайну на Усходзе Украіны.

"Ён праехаўся танкамі праз неабароненую мяжу, а цяпер яшчэ і з дапамогай двух еўрапейскіх лідараў "замарозіў" найбольш выбухованебяспечны канфлікт у Еўропе", - піша ў рэдакцыйным артыкуле брытанскае выданне The Times (пераклад - zn.ua).

Выданне адзначае, што спыненне агню ў Данбасе, калі яно будзе ўвасобленае на практыцы, стане палёгкай для мірных жыхароў, якія нярэдка становяцца ахвярамі сутыкненняў паміж прарасейскімі тэрарыстамі і ўкраінскімі вайскоўцамі. Але, на думку аглядальніка, Менскія дамоўленасці стануць першым крокам да "далейшага расчлянення Украіны".

"У выніку, кровапраліцце толькі адкладзенае на больш позні момант, калі Украіна паспрабуе закрыць сваю ўсходнюю мяжу з Расеяй", - гаворыцца ў артыкуле.

The Times мяркуе, што Менскія перамовы скончыліся не на карысць Кіева. Цяпер Захаду трэба прыкласці намаганні, каб дэмакратычная і легітымная ўлада ва Украіне не стала ахвярай доўгатэрміновых намераў Пуціна, які хоча яе скінуць. Выданне Washington Post таксама раскрытыкавала вынікі перамоваў у Менску і напісала, што Менскія пагадненні не перашкаджаюць Пуціну ствараць "краіну-марыянетку" на Усходзе Украіны.

Сёння выданне Der Spiegel пісала, што Менскім пагадненням пагражае правал праз нежаданне Расеі выводзіць узбраенне і некантраляваных баевікоў, якія, хутчэй за ўсё, будуць працягваць нападаць на жаўнераў Украіны.

Фота: AP

Апошнія навіны