BE RU EN

Новы дарадца прэзідэнта Украіны Саакашвілі зоймецца пастаўкамі зброі

  • 14.02.2015, 10:44

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прызначыў экс-прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі сваім дарадцам і кіраўніком створанай дарадчай міжнароднай рады рэформаў.

Дарадчая міжнародная рада рэформаў - кансультатыўны орган, асноўнай задачай якога з'яўляецца напрацоўка прапаноў і рэкамендацый у вядзенні і ўкараненні ва Украіне рэформаў на аснове лепшага міжнароднага досведу. Рада будзе прыцягваць замежных экспертаў да рэфармавання ўкраінскага заканадаўства, а таксама павышаць узровень міжнароднай падтрымкі Украіны.

«Мы дастаткова доўга думалі, як лепш выкарыстоўваць веды, досвед і ўнікальныя ноу-хау Міхаіла Саакашвілі. У Грузіі ён змог фактычна рэфармаваць усе сферы эканамічнага, палітычнага і грамадскага жыцця. Той шлях, які мы пачалі летась з Рэвалюцыі Годнасці, нашы суседзі праклалі і праверылі. І яны гатовыя дзяліцца з намі сваім досведам. Да нядаўняга часу Міхаіл быў, у сутнасці, пазаштатным кансультантам у пытаннях рэформаў. І сёння, нарэшце, ён атрымае афіцыйны статус», - сказаў прэзідэнт.

«Міхаіл стане прадстаўніком Украіны за мяжой і, адначасова, прадстаўніком міжнароднай супольнасці ва Украіне. Мы ўпэўненыя, што менавіта ён зможа наладзіць двухбаковую камунікацыю паміж Украінай і светам у пытаннях рэформаў - прыцягнуць лепшы замежны досвед і годна прадстаўляць нашу працу за мяжой», - адзначыў Пётр Парашэнка.

Новапрызначаны старшыня кансультатыўнай міжнароднай рады рэформаў Міхаіл Саакашвілі будзе каардынаваць пытанні выдавання Украіне заходняй зброі. Пра гэта ён паведаміў напярэдадні вечарам, каментуючы кірунак дзейнасці бліжэйшым часам пасля прызначэння кіраўніком міжнароднай рады рэформаў.

«Цяпер самае важнае - гэта дапамагчы Украіне зброяй. Цягам некалькіх наступных дзён я буду каардынаваць гэта. Я не супрацоўнік канкрэтнай установы, я свабодны палітык, грузінскі грамадзянін, усе астатнія прапановы што да таго, каб прыняць украінскае грамадзянства, не ўкладваліся ў агульную стратэгію, я паеду назад у сваю краіну. Але цяпер мы ваюем у гэтым грамадстве, у гэтай усеагульнай бітве, і я, вядома, буду такім жа ўкраінцам, як і ўсе астатнія», - цытуе Саакашвілі Еспресо.TV.

Ён адзначыў, што будзе пастаянна знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзідэнта. З ягоных слоў, там у яго, «напэўна, будзе нейкі офіс, штат, я ўвесь час буду ездзіць ва Украіну, за яе межамі і развязваць усе гэтыя пытанні».

Апошнія навіны