BE RU EN

Лукашэнка напрошваецца на сустрэчу з Пуціным і Парашэнкам

  • 14.02.2015, 16:54

Дыктатар заявіў, што хацеў бы абмеркаваць сітуацыю ва Украіне з Уладзімірам Пуціным і Пятром Парашэнкам у трохстароннім фармаце.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю вядоўцу інфармацыйна-аналітычнай праграмы «Цэнтральная тэлевізія» расейскага тэлеканала НТВ Вадзіму Такменеву, піша БелаПАН.

"Мне заўсёды хацелася і цяпер яшчэ больш хочацца сказаць: хлопцы, давайце сядзем і сапраўды, вось мы ўтрох без усялякіх пасярэднікаў, дамовімся, як мы спынім гэтую вайну, калі мы хочам яе спыніць, як зразумець і як засцерагчы вось гэтых людзей, з якіх шмат хто ідэйна ваяваў за сваю зямлю, як з імі дамовіцца?"- сказаў Лукашэнка.

У інтэрв'ю Лукашэнка таксама падзяліўся некаторымі драбніцамі правядзення сустрэчы "нармандскай чацвёркі" і распавёў, навошта ён тэлефанаваў Пуціну напярэдадні мерапрыемства. "Я яму распавёў, як дамаўляліся, што вось гэта зрабілі, гэта зрабілі, нават дзіркі на асфальце заляпілі, - сказаў ён. - Я кажу: паўтысячы журналістаў, цікавасць каласальная. Але, напэўна, кажу, ты не адсачыў, у інтэрнэце ўжо пачынаюць укідваць, што Пуцін плюне на ўсё... Вось я яму гэта распавёў і кажу: я цябе чакаю ў Менску".

Падчас развітання з Пятром Парашэнкам Лукашэнка спытаў ва ўкраінскага лідэра пра ягоныя ўражанні пра мінулую сустрэчу. "Ён сказаў: мы зрабілі максімум, вельмі цяжка будзе працаваць з імі. Я потым жартам кажу: ды нармальныя яны хлопцы і ў Данецку, і ў Луганску, дамовімся. Ён засмяяўся і кажа: ну, твой бы аптымізм усім", - распавёў Лукашэнка.

Інтэрв'ю было запісанае 13 лютага і сёння ўвечары будзе паказанае ў эфіры праграмы «Цэнтральная тэлевізія».

Апошнія навіны