Беларускія прадпрыемствы пераходзяць на няпоўны працоўны тыдзень
- 17.02.2015, 7:53
Надыходзячы крызіс будзе самым цяжкім за апошняе дзесяцігоддзе.
На думку экспертаў, ягоныя прычыны больш складаныя і шматгранныя папярэдніх. Унутраныя праблемы Беларусі пагаршаюцца крызісамі ва Украіне і Расеі - галоўных эканамічных партнёраў нашай краіны. Эканамісты прадказваюць пагаршэнне дабрабыту беларусаў, зніжэнне заробкаў, падзенне ВУП, змяншэнне экспарту, а галоўным наступствам і сродкам барацьбы прадпрыемстваў за выжыванне могуць стаць масавыя скарачэнні работнікаў, піша «Інтэкс-прэс».
Скарачэнні або маленькія заробкі?
Найбуйнейшыя дзяржаўныя працадаўцы краіны ўжо адважыліся на такія непапулярныя захады, што далікатна называецца «аптымізацыя колькасці працаўнікоў». Так, паводле звестак Міністэрства фінансаў, за дзевяць месяцаў мінулага года колькасць работнікаў Менскага аўтамабільнага завода скарацілася на 2,1 тысячы чалавек (10% работнікаў), на «Гродна-Азот» - амаль на 2,4 тысячы (пятая частка супрацоўнікаў), на «Магілёўхімвалакно» - больш чым на тысячу чалавек (15% штата).
Такія сур'ёзныя скарачэнні колькасці характэрныя пакуль толькі для вельмі буйных вытворчасцяў. У сярэднім жа ў большасці прадпрыемстваў за тры кварталы 2014 штат зменшыўся на 3-4%.
Эксперты кажуць, што гэтае пытанне рана ці позна паўстане перад мэнэджмантам, прычым паўстане ў выглядзе непрыемнай дылемы: пайсці на зразанне заробкаў для таго, каб захаваць працоўныя месцы або пайсці на скарачэнні, каб захаваць самі прадпрыемствы.
Скарачаюць працоўны тыдзень
У значнай ступені гэта пытанне сёння ўжо стаіць. Аднак сітуацыю ўскладняе тое, што 2015 - год прэзідэнцкіх выбараў, і рэзкія пастановы ўлады аддалі перавагу б, па магчымасці, адкласці. З іншага боку - хацелася б падняць эфектыўнасць вытворчасці і не страціць кваліфікаваных работнікаў, якіх не задавальняе змяншэнне заробку, размазанага тонкім пластом па разадзьмутым штаце.
Пакуль прадпрыемствы занялі чакальную пазіцыю. Аднак калі прадпрыемствы харчовай прамысловасці, такія як малочны камбінат або хлебазавод, адчуваюць сябе даволі ўстойліва, то работнікі машынабудаўнічых прадпрыемстваў горада ўжо адчулі на сабе наступствы эканамічных праблем у краіне і за яе межамі.
Многія з іх пераводзяць свае цэха на няпоўны працоўны тыдзень.
«Гэта аптымізацыя выдаткаў»
У ААТ «Аграпрамбудмаш» - становішча не з лепшых, і цяпер тут адны з самых нізкіх заробкаў па горадзе - блізу 3,5 млн рублёў. Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Панкоў тлумачыць сітуацыю зніжэннем заказаў і памяншэннем аб'ёмаў вытворчасці.
- Так як памяншаецца лік заказаў, то людзей выводзім па неабходнасці: хтосьці працуе поўны тыдзень, хтосьці 4 дні. Скарачэнняў няма. Але ў нас праходзіць рэарганізацыя, і, калі ў чалавека заканчваецца кантракт, яго могуць не прадоўжыць, - сказаў ён. Суразмоўца таксама распавёў, што на прадпрыемстве распрацаваны план па эканамічнай мадэрнізацыі.
На Баранавіцкім заводзе аўтаматычных ліній, са слоў яго супрацоўнікаў, тым жа маладым спецыялістам або пенсіянерам таксама не прадаўжаюць кантракты, якія скончыліся. Пры гэтым працоўныя кажуць, што людзі і самі наважваюцца на звальненне праз невысокія заробкі, якія, на іх думку, могуць стаць яшчэ меншымі.
Вымушаны пераход на няпоўны працоўны тыдзень канстатуюць і на БЗАЛ, і на ААТ «Гандальмаш», і ў філіяле «Завод Энэргадэталь».
- Наша прадпрыемства ў цяперашніх умовах працуе ў скарочаным рэжыме. Гэта, на жаль, адбіваецца на заробку. Выхадам з такой сітуацыі мы бачым зніжэнне сабекошту прадукцыі. У гэтым пытанні ў нас ёсць пэўныя планы, але пра іх яшчэ рана казаць уголас, - сказаў дырэктар Філіяла «Завод Энэргадэталь» Дзяніс Супрунюк.
Супрацоўнікі аўтаагрэгатнага завода адчулі на сабе наступствы падзення расейскага рубля ўжо ў снежні. З іх слоў, у снежні 2014 некаторыя з іх працавалі 11 дзён, а ў студзені - 10. Прычым выразнай сістэмы скарачэння працоўнага часу няма.
- Няпоўны працоўны тыдзень - гэта аптымізацыя нашых выдаткаў, гэта лепш, чым працаваць на склад, - тлумачыць кіраўнік прадпрыемства Віталь Юркевіч.
Аднак гэта служыць суцяшэннем далёка не ўсім работнікам.
- Некаторым пры заробку 2 млн трэба плаціць крэдыт за кватэру 4 млн (а дома дзіця і жонка ў дэкрэтным адпачынку). Паціху людзі звальняюцца. Калі я прыйшоў на завод тры гады таму, са мной на ўчастку працавала амаль 40 чалавек, а цяпер засталося 12, - сказаў адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства, які пажадаў застацца неназваным.
Пры гэтым ён кажа, што кіраўнікі прадпрыемства робяць усё магчымае ў гэтай няпростай сітуацыі.
- План вырабаў дэталяў яны даюць толькі для таго, каб людзям хоць штосьці заплаціць, так як большасць прадукцыі МАЗу не трэба, і яна застаецца на складзе. Пакуль МАЗ не пачне працаваць, як бы ні імкнуліся кіраўнікі нашага прадпрыемства, ніякіх істотных паляпшэнняў не будзе, - разважае работнік завода.
Кіраўніцтва прадпрыемства сапраўды пры ўсім жаданні мала што можа зрабіць: прадпрыемства цалкам завязана на менскі МАЗ.
«Аптымізацыя будзе доўжыцца»
Міхаіл Юхімук, першы намеснік старшыні Берасцейскага аблвыканкама, сказаў, што праца ў «аптымізацыі» ліку супрацоўнікаў будзе працягвацца, хоць у Баранавічах за апошні час, паводле ягоных звестак, яна істотна і не змянілася.
- Аптымізацыя будзе доўжыцца, пакуль з Расеяй такая сітуацыя, так як тыя аб'ёмы, якія мы рабілі раней, не патрэбныя, - удакладніў Міхаіл Юхімук.
Ён заўважыў, што на лета многае будзе залежаць ад сітуацыі на расейскім рынку.
- Калі там усё стабілізуецца, то мы вернемся на гэты рынак і нават лепш спрацуем, - спадзяецца Міхаіл Юхімук.
Калі ж сітуацыя не зменіцца, то трэба будзе час для таго, каб выйсці на новыя рынкі. Тым больш што цяпер курсавая розніца з Расеяй вядзе да вялікіх фінансавых страт нашых экспарцёраў.
- У такіх умовах задача кожнага кіраўніка - павысіць канкурэнтаздольнасць тавару, без гэтага няма чаго і працаваць, - рэзюмаваў першы намеснік старшыні аблвыканкама.
Крызіс будзе цяжкім
Далёка не ўсе эканамісты адчуваюць аптымізм з прычыны таго, што сітуацыя найбліжэйшым часам можа палепшыцца. Больш за тое, эканамічны эксперт, генеральны дырэктар Інстытута прыватызацыі і менэджмэнту Павел Данейка перакананы, што гэты крызіс будзе самым цяжкім з 1991 года.
- Гэты крызіс азначае доўгатэрміновую дэпрэсію. Для прадпрыемстваў кожны новы дзень будзе прыносіць усё большае скарачэнне рынку, - прадказвае эксперт. - Асаблівасць гэтага крызісу ў тым, што цяпер прайгралі і імпарцёры, і экспарцёры. Апошнія пацярпелі за кошт таго, што ў Расеі і Украіне дэвальвацыя ішла больш высокімі тэмпамі. Усё гэта прывядзе да таго, да чаго мы не гатовыя як краіна - да беспрацоўя.
Ён кажа, што ўжо цяпер у прыватных кампаніях, якія спрабуюць хутка адаптавацца да новых умоў, пачаліся скарачэнні. У дзяржсектары гэта адкладзена, але звальненні будуць больш сур'ёзнымі, чым раней.