Новы суд над палітвязнем Дзядком пройдзе 25 лютага
- 18.02.2015, 16:08
Мікалаю Дзядку пагражае яшчэ год калоніі.
Сёння стала вядома, што прызначаная дата новага суда над палітвязнем. Ён адбудзецца 25 лютага на тэрыторыі турмы №4 Магілёва ў закрытым рэжыме. Пра гэта паведаміла Валерыя Хоціна - жонка Мікалая Дзядка, піша statkevich.org.
Судзіць палітвязня будзе суддзя Ленінскага раённага суда горада Магілёва.
Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок быў асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкула аб хуліганскіх дзеяннях што да афіцыйных будынкаў. Сваёй віны актывіст не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні.
Міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі ён прызнаны палітвязнем.
У канцы траўня 2012 г. паводле пастановы начальніка Шклоўскай калоніі №7 Мікалай Дзядок быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу на паўгода. Да гэтага яго неаднаразова прымушалі пісаць прашэнні аб памілаванні. За час знаходжання ў магілёўскай калоніі №15 і шклоўскай №17 актывіст атрымаў больш за 10 спагнанняў за розныя надуманыя парушэнні і не змог трапіць пад амністыю.
4 снежня 2012 года стала вядома, што спецыяльная камісія калоніі прыняла пастанову аб пераводзе Мікалая Дзядка ў турму. Прычынай абвешчаныя шматлікія «спагнанні за парушэнне дысцыпліны», якіх палітвязню выстаўлена цэлых дваццаць два.
У лістападзе 2014 года, за 3 месяцы да заканчэння тэрміну, супраць Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу паводле 411 артыкула за «парушэнне рэжыму адбыцця пакарання». Гэты артыкул прадугледжвае павелічэнне тэрміну зняволення да года.
«Следчыя дзеянні» доўжыліся 2 месяцы, потым справа была вернутая пракурорам на даследаванне яшчэ на месяц.
На волю Мікалай Дзядок павінен быў выйсці ўжо 3 сакавіка.