Збігнеў Буяк: Пуцін перамагае ў прапагандысцкай вайне
- 18.02.2015, 17:06
Магчыма, прыйдзе момант, калі дыпламатыя пачне працаваць, але сёння яна не дапамагае развязаць канфлікт у Данбасе.
У аўторак у Лодзі скончыўся VIII форум «Еўропа-Украіна». Гэта канферэнцыя з удзелам гасцей з усяго свету, прысвечаная сітуацыі ва Украіне - вайне, эканоміцы, неабходным рэформам і складанай геапалітычнай сітуацыі. Сярод выступоўцаў быў Збігнеў Буяк - вядомы дзеяч польскай апазіцыі часоў Польскай Народнай Рэспублікі, адзін са стваральнікаў «Салідарнасці», піша Dziennik Lodzki (пераклад - charter97.org).
- Гэта цывілізацыйны канфлікт - так гэта ацэньваюць нашы ўкраінскія калегі. Гэта канфрантацыя культуры свабодных казакоў і пуцінскай культуры. Украінцы мэтанакіравана кажуць пра Пуціна, а не пра Расею ці расейцаў, бо адрозніваюць ліберальную частка расейцаў, якія на іх баку - казаў Буяк, - для Пуціна тэрыторыі, за якія цяпер ідуць баі, вельмі важныя, бо гэта плацдарм для акупацыі ўсёй Украіны. Гэта таксама тэрыторыі, у чым мы не аддаём сабе справаздачы ў Польшчы, з вялікай гісторыяй, культурай, і дзе знаходзяцца самыя сучасныя ўкраінскія заводы, вайсковая прамысловасць, нафта і газ. Пуцін не ў стане мадэрнізаваць сваё войска без рэсурсаў усходняй Украіны - дадаў ён.
Палітык падкрэсліў таксама, што ў Варшавы ёсць асаблівыя абавязанні перад Кіевам. Польшча, на ягоную думку, павінна падтрымліваць Украіну і тлумачыць Еўропе, чаму гэтая краіна так важная. Буяк прыняў таксама рашучую пазіцыю ў дачыненні да ваеннай падтрымкі для Украіны.
- Пуцін ужо адправіў ва Украіну жаўнераў, гэта ўжо рэальнасць. Таму інтэлектуальнай хлуснёй з'яўляюцца словы пра тое, што не трэба адпраўляць ваенную дапамогу ва Украіну, бо гэта абвострыць канфлікт. Магчыма, прыйдзе момант, што дыпламатыя будзе ў стане запрацаваць, але сёння дыпламатыя не дапамагае, а Пуцін перамагае ў прапагандысцкай вайне», - сказаў Буяк.