BE RU EN

NATO: У Дэбальцаве баевікі выкарыстоўвалі сучасныя тыпы зброі

  • 18.02.2015, 17:32

Генеральны сакратар Альянсу заявіў, што сітуацыя на ўсходзе Украіны пагаршаецца.

Сітуацыя ў раёне Дэбальцава працягвае заставацца складанай. Пра гэта ў сераду, 18 лютага, заявіў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг перад пачаткам сустрэчы міністраў абароны краін ЕЗ у Рызе, каментуючы занепакоенасць у сувязі з ваеннай актыўнасцю тэрарыстаў. "Яна вельмі цяжкая і яна пагаршаецца", - сказаў генеральны сакратар NATO.

Са слоў Сталтэнберга, замірэнне не выконваецца, і баевікі працягваюць прасоўвацца на ўсход Украіны, асабліва ў раёне Дэбальцава, піша liga.net.

Акрамя таго, з ягоных слоў, супраць украінскіх вайскоўцаў, якія абараняюць Дэбальцава, былі ўжытыя сучасныя віды зброі.

"Замірэнне на ўсходзе краіны не выконваецца, а сепаратысты вядуць наступ у раёне Дэбальцава. Там яны ўжылі супраць украінскіх вайскоўцаў сучасную зброю", - адзначыў Столтэнберг.

Пры гэтым Столтэнберг заклікаў расейскія ўлады паўплываць на баевікоў і прымусіць іх спыніць агонь, як таго патрабуюць менскія дамоўленасці.

Нагадаем, сёння ўначы штабам АТА была прынятая пастанова аб выхадзе падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны з-пад Дэбальцава ў бок Арцёмаўска. Паводле апошніх звестак, з двухтысячнага кантынгенту сіл АТА падчас прарыву было паранена звыш 100 вайскоўцаў. Ёсць інфармацыя аб дзясятках загінулых байцоў.

Напярэдадні акупанты захапілі частку горада, супрацьстаянне на вуліцах населенага пункта працягвалася да глыбокай ночы.

Фота: AP

Апошнія навіны