ЕЗ адновіць антыманапольнае расследаванне супраць «Газпраму»
- 18.02.2015, 20:58
Расследаванне праводзілася цягам 2,5 гадоў у сувязі з падазрэннямі, што кампанія злоўжывае сваім становішчам ва Усходняй Еўропе.
Еўрапейскі звяз неўзабаве адновіць антыманапольнае расследаванне ў дачыненні да расейскага манапаліста кампаніі «Газпрам». Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на еўракамісарку ў пытаннях канкурэнцыі Маргрэт Вестагер, піша "Еўрапейская праўда".
Як вядома, афіцыйнае расследаванне ў дачыненні да "Газпрама" праводзілася цягам 2,5 гадоў у сувязі з падазрэннямі, што кампанія злоўжывае сваім дамінантным становішчам на рынку ва Усходняй Еўропе і блакуе канкурэнтаў. Аднак урэгуляванне сітуацыі было замарожанае праз падзеі, якія ўспыхнулі ва Украіне год таму, піша выданне.
«Я думаю, што мы зможам прасоўваць гэтую справу, спадзяюся, што за даволі кароткі прамежак часу», - сказала Вестагер.
«Гэта вельмі важна для мяне, трэба пераканацца, што кожная кампанія на еўрапейскім рынку рэгулярна паўстае перад адным і тым жа наборам правілаў», - дадала еўракамісарка.