BE RU EN

NATO: З Расеі ва Украіну перакідваюць новую тэхніку

  • 18.02.2015, 21:44

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заяўляе аб нарошчванні колькасці танкаў і бранятэхнікі, якая перасекла мяжу з Расеі ва Украіну.

Пра гэта ён заявіў у Латвіі па заканчэнні сустрэчы з прэзідэнтам гэтай краіны Андрысам Берзіньшам, піша УНІАН.

Са слоў генеральнага сакратара NATO, крызіс ва Украіне быў адной з тэм абмеркавання падчас сустрэчы. "Расейскія ўзброеныя сілы, артылерыя і падраздзяленні вайскова-паветранай абароны, як і элементы камандавання і кантролю ўсё яшчэ дзейнічаюць ва Украіне. Расея падтрымлівае сепаратыстаў узброенымі сіламі, навучаннем і сучасным узбраеннем. Таксама было нарошчванне колькасці танкаў і бронетэхнікі, што перасекла мяжу з Расеі ва Украіну", - заявіў ён.

Енс Столтэнбэрг падкрэсліў, што найлепшай магчымасцю для ўстойлівага мірнага развязання канфлікту з'яўляюцца Менскія дамоўленасці. Што цяпер сапраўды мае значэнне, дык гэта выкананне спынення агню і Менскіх дамоўленасцей. Сёння я глыбока ўстурбаваны пагаршэннем сітуацыі ў Дэбальцаве праз адмову сепаратыстаў паважаць дамоўленасць аб спыненні агню і праз перашкоды ў доступе да месца назіральнікаў ад АБСЕ", - сказаў генеральны сакратар NATO.

Столтэнбэрг зноў заклікаў Расею спыніць падтрымку сепаратыстаў, вывесці войскі і вайсковае абсталяванне з усходу Украіны ў адпаведнасці з Менскімі дамоўленасцямі. "Сепаратысты павінны неадкладна спыніць атакі і даць назіральнікам АБСЕ поўны доступ", - падкрэсліў ён.

Фота: Getty Images

Апошнія навіны