Спікер АТА: З Дэбальцава выйшла 90% украінскіх вайскоўцаў
- 19.02.2015, 11:58
Інтэнсіўнасць абстрэлаў у раёне Дэбальцава паменшылася пасля адводу адтуль украінскіх войскаў.
Баевікі актывізаваліся пад Марыупалем.
За мінулыя дні ў зоне АТА зафіксавана 46 выпадкаў парушэння тэрарыстамі рэжыму «цішыні».
«14 разоў злачынцы ўжывалі рэактыўныя сістэмы залпавага агню, 21 - артылерыю і мінамёты. А ў раёне пасёлка Пескі, што на Данецкам кірунку, адбылася сутычка сіл АТА з тэрарыстамі», - паведамляе прэс-цэнтр АТА.
Таксама заканчваецца адвод украінскіх войскаў з Дэбальцава.
«За дзень з Дэбальцава выйшла блізу 90% асабовага складу. Планавая перадыслакацыя даводзіць, што ніякага атачэння не было», -заявіў спікер штаба АТА Анатоль Стэльмах на брыфінгу.
Адзначаецца памяншэнне колькасці абстрэлаў у кірунку Дэбальцава. Тым не менш, баевікі з мінамётаў абстралялі Залатое, з артылерыі – Семігор’е. У Данецкім кірунку з РСЗА агню баевікі 5 разоў абстралялі Аўдзееўку 4 разы Опытнае, двойчы Пескі і Вадзяное. На Луганскім кірунку быў абстраляны пасёлак Крымскае.
Акрамя таго, баевікі актывізаваліся ў раёне Марыупаля.
«У гэтыя дні назіралася актывізацыя абстрэлаў і у Марыупальскім кірунку. Паблізу пасёлка Шыракіно злачынцы вялі агонь па нашых пазіцыях з танкаў, і 13 разоў нанеслі агнявых удараў па артылерыі з мінамётаў», - сказана ў паведамленні прэс-цэнтра.
У той жа час, агульная інтэнсіўнасць абстрэлаў па ўсёй лініі размежавання за мінулую ноч паменшылася.
18 лютага ўкраінскія войскі пачалі прарывацца з аточанага Дэбальцава. Паводле афіцыйных звестак, выведзеныя 2,5 тысячы вайскоўцаў, страты за апошнія дні баёў у гэтым раёне і пры выхадзе з горада склалі 22 загінулых і больш за 150 параненых.
Фота: AFP