Джон Кэры: Расея хлусіць аб адсутнасці сваіх войскаў ва Украіне
- 25.02.2015, 8:48
Дзяржсакратар ЗША абвінаваціў Маскву ў хлусні.
Сцвярджэнне ўладаў РФ з нагоды адсутнасці расейскіх войскаў і вайсковай тэхнікі на ўсходзе Украіны з'яўляюцца дэзінфармацыяй. Пра гэта заявіў у аўторак, 24 лютага, дзяржсакратар ЗША Джон Кэры, выступаючы ў Кангрэсе. На пытанне аднаго з сенатараў аб праўдзівасці сцвярджэнняў Крамля ён адказаў, што Расея хлусіць. Дзяржсакратар дадаў, што над фармаваннем карціны неўмяшання Расеі ў справы Украіны актыўна працуе расейская прапаганда, паведамляе тэлеканал 24 са спасылкай на агенцтва Reuters.
«У Расеі адбываецца вельмі выбітны перыяд самай непрыхаванай і шырокай прапагандысцкай кампаніі, якую я бачыў з моманту разгару халоднай вайны, - сказаў Кэры. - Яны ўпартыя ў скажэнні рэчаіснасці, у хлусні - называйце гэта як хочаце - пра свае дзеянні мне ў твар і ў твар іншым у многіх выпадках».
Кіраўнік амерыканскай замежнапалітычнай установы адзначыў, што расейскі бок на вялікі жаль зноў распальвае канфлікт паміж Захадам і Усходам. Дзеянні Расеі ён назваў «небяспечнай і непатрэбнай антаганістычнай гульнёй з нулявой сумай», у якой выйгрыш аднаго гульца раўназначны пройгрышу іншага.
Акрамя гэтага, Джон Кэры заявіў, што ЗША маюць выразны план на выпадак калі сённяшняя палітыка ў дачыненні да Украіны не зменіцца з боку РФ. Гэты план прадугледжвае яшчэ больш жорсткія санкцыі, і разнастайную фінансавую падтрымку вайсковаму комплексу Украіны.
Пастаўку ва Украіну смяротнага ўзбраення падтрымаў таксама кіраўнік камітэта Палаты прадстаўнікоў узброеных сілах ЗША Мак Торнбэры. Ён заявіў пра гатоўнасць выдавання Украіне зброі і іншага вайсковага абмундзіравання.
Таксама ён асудзіў пазіцыю Нямеччыны, якая адмовілася актыўна даваць Украіне зброю.