BE RU EN

Палітвязень Васьковіч сустракае дзень нараджэння ў турме

  • 26.02.2015, 11:23

26 лютага палітвязню Яўгену Васьковічу спаўняецца 24 гады.

Ён нарадзіўся ў Бабруйску 26 лютага 1991 у сям'і рабочых. Працаваў у газеце «Бобруйский курьер». Прыхільнік партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Удзельнік Плошчы-2010, за якую быў пакараны - адседзеў 12 дзён на Акрэсціна.

Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля ўдзелу ў акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. У абласны цэнтры ён прыехаў здаваць сэсію.

У траўні 2011 года Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за спробу падпалу будынка бабруйскага КДБ (у якое былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумессю) у ноч на 17 кастрычніка 2010 года.

Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамолатава судзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэксу - «Злоснае хуліганства» і «Наўмыснае прычыненне шкоды ў асабліва буйнай суме».

Яўген Васьковіч у сваім апошнім слове заявіў, што не шкадуе аб зробленым. Ён сказаў, што ўважае сябе літвінам, а сваім абавязкам - абараняць нацыянальныя беларускія каштоўнасці.

«За іх я памерці гатовы, таму што жыццё кароткае, а радзіма вечная», - сказаў ён, дадаўшы, што ён не баіцца цяжкасцяў і з годнасцю іх перанясе. Яўген Васьковіч скончыў свой выступ словамі «Жыве Беларусь!».

Спачатку ён адбываў пакаранне ў Магілёўскай калоніі №15, а 12 кастрычніка 2011 пераведзены на больш жорсткі рэжым - у памяшканне крытага тыпу (ПКТ), у Магілёўскую турму №4. Там ён некалькі разоў трапляў у штрафны ізалятар.

12 кастрычніка 2014 года яго зноў вярнулі ў калонію №15 у Магілёве.

Апошнія навіны