Пракурор патрабуе для Дзядка год калоніі строгага рэжыму
- 26.02.2015, 16:22
Прысуд у справе палітвязня будзе абвешчаны а 17:30.
Сёння ў Магілёўскай турме працягваецца разгляд крымінальнай справы палітвязня Мікалая Дзядка. Яго абвінавачваюць у парушэнні рэжыму адбыцця пакарання паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса РБ.
Дзядку інкрымінуюць 16 парушэнняў рэжыму ў месцах зняволення, асноўным з якіх з'яўляецца нашэнне замест турэмнай робы спартовага строю, піша ПЦ «Вясна».
Пракурор просіць суд пакараць Мікалая Дзядка 1 годам зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Гэта максімальны тэрмін пакарання паводле гэтага артыкула. Прысуд паводле справы палітвязня будзе абвешчаны а 17:30.
Дзядок быў узяты пад варту 3 верасня 2010 года. 27 траўня 2011 года суд Заводскага раёна Менска прысудзіў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі строгага рэжыму паводле ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства). 5 снежня 2012 года пастановай суда ўмовы адбыцця пакарання Дзядку былі замененыя на больш жорсткія, і Мікалая перавялі з калоніі №17 Шклова ў турму №4 Магілёва.
Як мяркуюць праваабаронцы, падставай для прысуду Дзядку стаў ягоны ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту каля Міністэрства абароны супраць сумесных расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў.
Дзядок павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 у сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання.