BE RU EN

Марына Адамовіч: Калі будуць ездзіць і букецікі прымаць – з’явяцца новыя палітвязні

  • 27.02.2015, 11:00

Новы прысуд Мікалаю Дзядку даводзіць, што цынізму і подласці беларускіх уладаў няма межаў.

Жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч пракаментавала «Радыё Свабода» прысуд Мікалаю Дзядку.

«Гэты прысуд мяне моцна ўразіў, хоць я разумела, што гэта будзе менавіта так. Але дабілі гэтыя тры дні, якія яны далучылі да прысуду аб недабытым тэрміне пакарання. Проста няма мяжы цынізму і подласці. Прычым гэта прымеркавана да візіту еўрапейскіх чыноўнікаў, якія шукаюць чорную котку ў цёмным пакоі, калі яе там няма. Гэта значыць, лібералізацыі і паляпшэння стасункаў. Гэта чарговая стаўка ў гэтай гульні. Бо наша ўлада адчувае пастаянна і нас, і блізкіх суседзяў, і далёкіх - а што яны яшчэ могуць вытрываць? Гэта чарговая гульня чалавечымі лёсамі. У мяне гэта выклікае пачуццё мярзоты, страшнай агіды. І вялікай горычы, вялікай спагады сям'і Мікалая. Я ўпэўненая, што ён чалавек моцны, бо гэтыя намаганні ўладаў скіраваныя на моцных людзей, на тое, каб здушыць іх волю, смагу справядлівасці, іх гонар і годнасць.

Таму калі будуць ездзіць, букецікі прымаць, ручкамі махаць, можна яшчэ новых палітвязняў чакаць. Гэтая сітуацыя цалкам прадказальная. Уладзе заўсёды ўдавалася пераседзець больш мяккацелых і цывільных еўрапейскіх партнёраў», - заявіла яна.

Нагадаем, судовы працэс над Мікалаем Дзядком праходзіў 25 і 26 студзеня на тэрыторыі Магілёўскай турмы.

Суддзя Ленінскага суда Магілёва Ігар Шведаў вынес прысуд палітвязню за парушэнне арт.411 Крымінальнага кодэксу - адзін год зняволення. Яшчэ 3 дні палітвязень правядзе ў турме ад першапачатковага тэрміну.

Праваабаронцы адзначаюць, што цягам апошніх месяцаў улады Беларусі ўзмацнілі рэпрэсіі супраць апазіцыі, журналістаў і прадпрымальнікаў. З'явіліся новыя палітвязні, пачасціліся прэвентыўныя арышты грамадскіх актывістаў, прыняты шэраг новых рэпрэсіўных законаў у дачыненні да СМІ, ідзе блакаванне незалежных сайтаў, узмацніўся ціск на дробны бізнэс. Экспэрты звязваюць ўзмацненне рэпрэсій з тым, што многія еўрапейскія чыноўнікі заплюшчваюць вочы на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і спрабуюць наладзіць «дыялог» з дыктатарам.

Апошнія навіны