BE RU EN

Леў Марголін: Беларусі пагражае дэфолт, калі Расея адмовіць у крэдыце

  • 4.02.2015, 18:30

Беларускаму дыктатару тэрмінова патрэбныя грошы.

Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў «кароткатэрміновы адпачынак» у Сочы. Следам за сваім начальнікам і прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў узяў курс на Маскву. З чым гэта звязана, «Беларускай праўдзе» распавёў эканаміст Леў Марголін.

- Чым выкліканы такі «раптоўны» ад'езд Лукашэнкі ў Сочы «у кароткачасовы адпачынак» - бо з папярэдніх кароткатэрміновых вакацый у ААЭ беларускі правадыр вярнуўся тры месяцы таму.

- Жаданнем сустрэцца з Пуціным, прычым не ў афіцыйным фармаце. Відавочна, што Лукашэнку не ўдалося дамовіцца аб афіцыйным візіце, але ёсць шанец перахапіць Пуціна на лыжні.

Менску патрэбныя грошы - усе астатнія праблемы сяк-так развяжуцца. Беларускія ўлады далі рады нават Расспажыўнагляду, з газам-нафтай таксама праблем не чакаецца - не можа ж Расея задарма аддаваць газ з нафтай. Засталося адное-адзінюткае нявырашанае пытанне - крэдыты.

- Пра якія крэдыты можа ісці гаворка?

- Пра крэдыт ЕўрАзЭС 500 мільёнаў даляраў Лукашэнка ўжо згадваў, роўна як і міністр фінансаў Расеі выказаў гатоўнасць дапамагчы беларускім уладам грашыма пры патрэбе. Але ў гэтым выпадку гаворка ідзе аб сумах вельмі значных - мінімум пра 3 мільярды даляраў.

- Лукашэнка выбраўся ў Сочы адразу пасля прэс-канферэнцыі, следам за ім у Маскву адпраўляецца прэм'ер-міністр Кабякоў. Няўжо эканамічная сітуацыя ў Беларусі настолькі пагоршылася, што пагнала ўсё беларускае кіраўніцтва ў Расею?

- Безумоўна, справы ў беларускай эканоміцы і раней ладзіліся не надта добра. Варта ўлічваць, што 2015 карэнным чынам адрозніваецца ад папярэдніх гадоў - гэта год прэзідэнцкіх выбараў. Пагаршаецца эканамічная сітуацыя ў самой Расеі, што пагражае фізічным скарачэннем аб'ёмаў беларускага экспарту ў Расею і, натуральна, скарачэннем валютнага прыбытку.

Свет сутыкнуўся з падзеннем коштаў нафты, і, відавочна, надоўга. Для Беларусі гэта абернецца скарачэннем валютных паступленняў з Захаду.

Імпарт у Беларусі мае вытворчы характар: дэталі і матэрыялы. Спажывецкі імпарт наш народ возьме на сябе: людзі не стануць чакаць, пакуль у Беларусь завязуць расейскія тэлевізары, а самі паедуць у Смаленск і закупяць тэлевізары.

- Якія сумы патрэбныя афіцыйнаму Менску?

- 2-3 мільярды даляраў - для Расеі сума некрытычная. Аднак Лукашэнку давядзецца вельмі і вельмі пастарацца, каб пераканаць Пуціна ў тым, што запытаныя грошы - пытанне жыцця і смерці для Беларусі.

- Што Лукашэнка можа прапанаваць наўзамен на крэдыты?

- Беларускія ўлады будуць абяцаць лаяльнасць, якая дэ-факта існуе і цяпер. Думаю, Пуцін увойдзе ў становішча Лукашэнкі і зразумее ягоныя паасобныя незалежніцкія заявы.

Магчыма, яшчэ раз давядзецца вярнуцца да прызабытай праблемы стварэння пяці супольных холдынгаў з удзелам беларускіх прадпрыемстваў: МАЗа, "Гродна Азоту"... Хоць цяпер вартасць названых холдынгаў для Расеі, магчыма, сур'ёзна ўпала.

- Леў Фёдаравіч, а што адбудзецца, калі Масква заўпарціцца і не выдасць Лукашэнку крэдыт?

- Я нават не магу ўявіць сабе, што адбудзецца ў гэтым выпадку. Не выключаю магчымасці дэфолту. Тады пачнецца кампанія рэструктурызацыі пазык, і Менск пачне пагражаць Расеі адмовай ад выплат ранейшых крэдытаў і іх адсоткаў.

Апошнія навіны