BE RU EN

Сяргей Скрабец: Народ не пойдзе наогул галасаваць, нават пад кулямі

  • 1.03.2015, 8:35

Прычына - у пагаршэнні эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Пра гэта заявіў у інтэрв'ю «Беларускай праўдзе» палітык Сяргей Скрабец.

- Аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) павінен падаць «сямёрцы» праект пагаднення аб удзеле ў сумеснай кампаніі салідарнасці з палітвязнем і вылучэння Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты. Так сцвярджае сустаршыня БХД Павел Севярынец. Што гэта за дакумент?

- Пагадненне, праект якога гатовы, засталося толькі падпісаць. Дакумент складаецца ўсяго з чатырох пунктаў.

Першае - ствараем ініцыятыўную групу вылучэння Мікалая Статкевіча.

Другое - збор подпісаў ідзе пад словамі: «Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, патрабуем вызвалення палітычных зняволеных Статкевіча, Аліневіча, Дзядка, Васьковіча, Пракапенкі, Рубцова і далучаемся да ініцыятыўнай групы вылучэння Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь».

Трэцяе - стварэнне ініцыятыўнай групы суправаджаецца шырокай грамадскай кампаніяй «Свабоду Статкевічу і ўсім палітвязням».

І чацвёртае: у выпадку адмовы ў рэгістрацыі Статкевіча - аб'яўляем байкот выбарам».

Усё гатова, засталося знайсці таго, хто падпіша гэты дакумент.

- Калі праект гатовы, чаму «сямёрка» яго не разглядае?

- Праект ужо абмяркоўваўся «сямёркай». Але гатовы праект ужо адмовіліся падпісваць БНФ і рух «За свабоду»: яны згодныя праводзіць кампанію за вызваленне палітвязняў, але не бачаць Статкевіча адзіным кандыдатам, яны яшчэ думаюць - удзельнічаць у кампаніі ці не.

Асабіста Уладзімір Някляеў згодны ўдзельнічаць у кампаніі, кампанія «Гавары праўду» - не згодная.

Першы намеснік старшыні БСДП (Грамада) Мечыслаў Грыб катэгарычна супраць вылучэння Статкевіча адзіным; матыў - яго не зарэгіструюць паводле дзейным заканадаўстве. Грыб фактычна паўтарыў словы Ярмошынай. Такую ж пазіцыю займае Беларуская партыя левых «Справядлівы свет».

Частка БХД на чале з Паўлам Севярынцам падтрымлівае вылучэнне Статкевіча адзіным, частка БХД на чале з Віталём Рымашэўскім - супраць.

Што застаецца ў выніку? Рух салідарнасці «Разам», БСДП (Народная Грамада), аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу, «Малады фронт» і «Жаночая ліга» Ніны Стужынскай - усе падтрымліваюць вылучэнне Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам. Аб раскладзе сіл ўнутры сямёркі я ўжо расказаў.

Паколькі няма аднагалоснасці у сямёрцы, а фактычна - няма з кім падпісваць гэты дакумент, то нам застаецца ствараць ініцыятыўную групу вылучэння Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты пакуль у фармаце «Еўрапейскай кааліцыі» плюс частка БХД.

- Павел Севярынец кажа, што сітуацыя мусіць высветліцца цягам тыдня-двух. Што павінна адбыцца за гэты час, калі сямёрка ўжо вызначылася?

- Не ведаю. Дакумент існуе, яго можна абмяркоўваць і два тыдні, і два месяцы... Я думаю, найбліжэйшыя два тыдні Лукашэнка можа абвясціць выбары, каб правесці іх летам.

- Вы мяркуеце, што прэзідэнцкія выбары з восені могуць быць перанесеныя на лета?

- Такі сцэнар найбольш імаверны. Лукашэнка дзейнічае паводле прыкладу Казахстана, дзе прэзідэнцкія выбары перанесены на 26 красавіка. Нездарма ў сярэдзіне сакавіка Лукашэнка едзе ў Казахстан - абмяркуе, як лепш абгрунтаваць перанос кампаніі на лета. Магчыма, удваіх угавораць і Пуціна, хоць асабіста я ў гэтым сумняваюся.

- Які сэнс у пераносе прэзідэнцкіх выбараў на лета?

- Па-першае, ніхто не гатовы. А па-другое, пры такім зацяжным крызісе прэзідэнцкія выбары лепш правесці крыху раней - людзям хутка жэрці няма чаго будзе, народ не пойдзе наогул галасаваць, нават пад кулямі.

- Вернемся да вылучэння Статкевіча адзіным кандыдатам. Ваш прагноз: немагчыма, імаверна, верагодна?

- Існуе вялікая верагоднасць, што Еўропа прымусіць Лукашэнку выпусціць Статкевіча. Калі не выпусцяць, то існуе вялікая верагоднасць вылучэння Статкевіча адзіным.

- Вельмі дзіўная матывацыя...

- Шмат хто баіцца, што Статкевіча абвесцяць адзіным, а яго возьмуць ды і выпусцяць. А таму паварочваць ужо стане няёмка.

Апошнія навіны