Нафта вяртаецца на дно
- 10.03.2015, 16:24
Нафтавыя катыроўкі сыходзяць да снежаньскага мінімуму.
Цягам найбліжэйшых месяцаў кошты нафты могуць вярнуцца на ўзровень $45-50, мяркуюць у Goldman Sachs - рост запасаў і здабычы ў ЗША прывядзе да таго, што нафту хутка не будзе дзе захоўваць. З іншага боку, Арганізацыя краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) мяркуе, што кошты, наадварот, могуць імкліва павысіцца, прычым звязана гэта менавіта з паступовым скарачэннем амерыканскіх праектаў, піша gazeta.ru.
Нафтавыя кошты ў панядзелак пайшлі ўніз на фоне апублікаванага прагнозу экспэртаў інвестбанку Goldman Sachs, якія мяркуюць, што кошт барэля нафты амерыканскай маркі WTI можа апусціцца да $40. Красавіцкія ф'ючэрсы WTI патаннелі на 0,04%, кошт барэля склаў $49,59. Кошт паўночнаморскай нафты маркі Brent (менавіта да яе прывязаны кошт расейскай Urals) таксама пайшоў уніз, апусціўшыся на 0,42% - да $59,48 за барэль.
Але ўжо ў аўторак Goldman Sachs заявіў, што прагноз пра $40 за барэль быў «занадта песімістычным», паведамляе агенцтва Bloomberg.
Аналітыкі банка мяркуюць, што гэты прагноз наўрад ці рэалізуецца цягам найбліжэйшых двух кварталаў, аднак яны па-ранейшаму чакаюць зніжэння нафтавых коштаў на фоне сусветных запасаў нафты.
Барэль Brent падчас таргоў на Лонданскай біржы ў аўторак каштаваў $57,93 (-1%), амерыканская WTI патаннела на палову адсотка да $49,74. Аднак пазней у аўторак кошт Brent пайшоў уверх, падаражэў да $58,68 за барэль, WTI перасекла псіхалагічную адзнаку ў $50, кошт барэля гэтай маркі вырас да $50,3.
Рост коштаў быў выкліканы геапалітычнай напружанасцю на Блізкім Усходзе, прынамсі, рызыкай зрыву паставак з Лівіі і Ірака, як мяркуюць аналітыкі Singapore's United Overseas Bank, піша агенцтва France-Presse. Лівія раней ужо паведамляла, што праз баявыя дзеянні ў краіне пашкоджаныя некалькі нафтавых партоў і ёсць рызыка поўнага спынення здабычы нафты.
У Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) іншае бачанне сітуацыі. Генеральны сакратар картэлю Абдала аль-Бадры 10 сакавіка заявіў, што лістападаўская пастанова аб захаванні аб'ёмаў здабычы (АПЕК здабывае каля 30 млн барэляў у суткі, забяспечваючы каля 40% сусветнай вытворчасці нафты) прывяла да імклівага скарачэння здабычы сланцавай нафты ў ЗША.
Недахоп сыравіны на сусветным рынку можа прывесці да імклівага скачка коштаў, настойвае аль-Бадры.
Пастанова аб захаванні квот на здабычу было прадыктаваная ў першую чаргу нежаданнем краін Персідскага заліва, на чале з Саудаўскай Аравіяй, дапусціць маштабны выхад на сусветны рынак амерыканскай нафты.
На мінулым тыдні адзін з сусветных лідараў нафтасервіснага рынку, амерыканская Baker Hughes паведамляла пра тое, што колькасць свідравін у свеце ў лютым скарацілася да мінімуму са студзеня 2010 года, склаўшы 2,986 тысяч адзінак, прычым лідарамі ў скарачэнні колькасці свідравін сталі менавіта Злучаныя Штаты.
«Праекты былі скасаваныя, - падкрэсліў у аўторак Абдала аль-Бадры. - Інвестыцыі цяпер пераглядаюцца. Выдаткі зніжаюцца. Калі аб'ём паставак будзе нізкім, узнікне недахоп сыравіны, і кошт будзе зноў расці».
Аналітык ІЧ Rye, Man&Gor Securities Сяргей Пігараў сказаў, цягам вясны варта чакаць зніжэння нафтавых катыровак аж да студзеньскіх мінімумаў ($45-50 за барэль, у залежнасці ад маркі), што звязана, у асноўным, з лішкам нафты ў ЗША.
«Нягледзячы на зніжэнне колькасці дзейных свідравін аб'ём здабычы ў ЗША працягвае расці, хоць цягам апошніх месяцаў прафіцыт у ЗША складаў каля 1 млн барэляў у дзень, што прыводзіць да павелічэння запасаў, - распавядае экспэрт. - У канцы лютага ў 2014 годзе запоўненасць нафтасховішчаў была на ўзроўні 48%, а ў канцы лютага гэтага года - 60%. За тыдзень, які скончыўся 27 лютага, запасы нафты ў ЗША выраслі на 10,3 млн барэляў да 444,37 млн».
Са слоў Пігарава, гэта найбольшы тыднёвы рост з 2002 года. «Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, да канца вясны амерыканскія сховішчы будуць запоўненыя да крытычных узроўняў», - папярэджвае аналітык.
«Запасы растуць моцнымі тэмпамі, - распавядаў на мінулым тыдні фондавы мэнэджар Loomis, Sayles & Co. Харыш Сундэрэш выданню The Wall Street Journal. - Ствараецца адчуванне, што ў нас проста не хопіць магутнасцяў для захоўвання ўсёй нафты».
Сяргей Пігараў таксама адзначае, што росту нафтавых коштаў не спрыяе і сезонны фактар. Увесну нафтаперапрацоўчыя заводы праводзяць рамонты, бо памяншаецца попыт на бензін і дызель, таму галіне нафтаперапрацоўкі патрабуецца менш нафты.