BE RU EN

Арыштаваны за забойства Нямцова Дадаеў заявіў аб катаваннях электратокам

  • 15.03.2015, 15:41

Заур Дадаеў заявіў праваабаронцам, што яго катавалі электратокам тры дні, прыкаваўшы да батарэі.

Пра гэта піша расейскае выданне «Новая газета».

Алена Масюк, чалец Савета пры Прэзідэнце РФ развіцця грамадзянскай супольнасці і праў чалавека і сябра Грамадскай назіральнай камісіі Масквы, паведамляе, што разам з калегам Аляксандрам Кулікоўскім наведала падазраваных у забойстве Барыса Нямцова напярэдадні, 14 сакавіка.

«Заур Дадаеў распавёў, што невядомыя трое сутак утрымлівалі яго ў склепе, прыкаваўшы наручнікамі да батарэі. Ужывалі да яго электраток, апраналі на галаву мех. Заявы Дадаева пра гэта не былі належным чынам аформленыя супрацоўнікамі СІЗА і не накіроўваліся для расследавання», - гаворыцца ў матэрыяле.

У прысутнасці супрацоўнікаў СІЗА «Ляфортава» і пад відэазапіс Заур Дадаеў прыняў прапанову Міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Камітэт супраць катаванняў» скарыстацца дапамогай іх юрыстаў, каб пачаць крымінальны разгляд паводле фактаў прымененых да яго катаванняў і гвалтоўных дзеянняў.

Барыса Нямцова застрэлілі позна ўвечары 27 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце ў цэнтры Масквы. Паводле звестак следства, забойца выпусціў шэсць куль у спіну апазіцыянера. Чатыры з іх дасягнулі мэты. У гэты час аўтамабіль супольніка бандыта параўняўся з месцам здарэння, кілер сеў у аўто, і яны з'ехалі.

Паводле справы аб забойстве Нямцова былі затрыманыя пяцёра жыхароў Чачэніі. 8 сакавіка Басманны суд Масквы санкцыянаваў арышт Заура Дадаева, Анзора Губашава, Хамзата Бахаева, Тамерлана Эскерханава і Шагіда Губашава. Яшчэ адзін падазраваны паводле гэтай справы - Беслан Шаванаў - зладзіў самападрыў, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў спрабавалі затрымаць яго ў Грозным.

Апошнія навіны