BE RU EN

Падазраваны ў забойстве Нямцова заявіў аб алібі

  • 17.03.2015, 9:47

Заур Дадаеў заявіў аб алібі на момант учынення злачынства.

Пра гэта паведаміў ТАСС ягоны адвакат Іван Герасімаў.

«Са слоў Дадаева, у момант учынення забойства, ён знаходзіўся ў іншым месцы», - сказаў ён. Адвакат растлумачыў, што абарона і абвінавачаны пакуль не будуць заяўляць следству аб наяўнасці алібі ў Дадаева. «Мы пакуль самі ўсё праверым, збяром довады ягонага алібі, а потым дамо ўсё следству», - сказаў адвакат.

Аб наяўнасці алібі раней заявіў і іншы фігурант справы Тамерлан Эскерханаў. З ягоных слоў, у ноч забойства ён знаходзіўся ў начным клубе. Як паведаміла ягоная адвакатка Ружа Магамедава, следства цяпер правярае гэтую інфармацыю.

Пяць фігурантаў справы абвінавачваюцца паводле пунктаў «ж» і «з» ч. 2 артыкула 105 КК РФ («Забойства, учыненае групай асобаў паводле папярэдняй змовы з карыслівых меркаванняў або па найму, а роўна спалучанае з разбоем, вымагальніцтвам або бандытызмам», а таксама паводле ч. 2 арт. 222 КК РФ («Незаконныя набыццё, перадача, збыт, захоўванне, перавозка або нашэнне зброі, яе асноўных частак, боепрыпасаў, учыненыя групай асоб паводле папярэдняй змове»). Анзар і Шадзід Губашавы, Хамзат Бахаеў і Тамерлан Эскерханаў абвінавачваюцца ў дапамаганні ва ўчыненні гэтага злачынства, Заур Дадаеў - у ягоным выкананні.

Сустаршыня партыі РПР-Парнас і дэпутат Яраслаўскай абласной думы Барыс Нямцоў быў застрэлены ў цэнтры Масквы ўвечары 27 лютага.

Апошнія навіны