На сустрэчу з Лукашэнкам паклікалі толькі «лаяльных» прадпрымальнікаў
- 17.03.2015, 11:37
Сёння ў «Экспабеле» адбудзецца першая за 10 апошніх гадоў сустрэча Лукашэнкі з індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
Фармаваннем спісу удзельнікаў нарады займаліся адміністрацыя Лукашэнкі і гарадскія ўлады, таму не зразумела, паводле якой формуле адбіралі кандыдатаў. Як кажуць у прадпрымальніцкім асяроддзі, перш за ўсё арганізатары зыходзілі з паказчыка лаяльнасці ці хаця б нейтральнасці, таму самым актыўным ІП шлях быў адрэзаны з самага пачатку. Вядома, што на сустрэчы будуць прысутнічаць кіраўнікі прадпрымальніцкіх саюзаў, якія збольшага абараняюць інтарэсы буйнога і сярэдняга бізнэсу, а вось хто стане на варце інтарэсаў «ІП» - невядома, паведамляе «Радыё Свабода».
Да прыезду Лукашэнкі пляцоўку вакол «Экспабелу» пачалі прыводзіць у парадак яшчэ ўчора. На прылеглых вуліцах утварыліся вялізныя аўтамабільныя коркі праз тое, што камунальныя службы ўзяліся наносіць свежую дарожную разметку, працоўныя аўральна фарбавалі агароджы і вычышчалі ад смецця парковачную тэрыторыю. Прадпрымальнікам было загадана прыйсці ў павільёны а 7 раніцы, каб не перашкаджаць службе бяспекі. Акрэдытаваным журналістам збор прызначылі на дзве гадзіны пазней.
Мяркуецца, што адным з галоўных пытанняў падчас абмеркавання стане праект указа аб унясенні змяненняў у рэзанансны ўказ №222, які выклікаў незадаволенасць у індывідуальных прадпрымальнікаў, - тысячам гандляроў пагражае банкруцтва.
У адпаведнасці з дакументам, з 1 сакавіка скончыўся перыяд, цягам якога ІП маглі рэалізоўваць рэшткі прадукцыі лёгкай прамысловасці, увезенай з краін Мытнага саюза без сэртыфікатаў. Прадпрымальнікі неаднаразова спрабавалі растлумачыць уладам, што праз аб'ектыўныя прычыны не могуць працаваць у новых умовах, але іх голас так і не быў пачуты. У выніку 1 сакавіка больш за 80% ІП па ўсёй краіне не выйшлі на працу на рынкі і ў гандлёвыя цэнтры.
Пасля гэтага прадстаўнікі зацікаўленых устаноў нарэшце ўзгадалі пра існаванне вялікай колькасці «ІП» і цяпер спрабуюць скарэктаваць некаторыя пункты ўказа.
Фота: «Радыё Свабода»