Барак Абама: Санкцыі супраць Масквы трэба захаваць
- 18.03.2015, 9:11
ЗША і Еўропа павінны «захаваць моцныя санкцыі» супраць Расеі.
Пра гэта заявіў Барак Абама на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Ірландыі Энда Кені, паведамляе Лiга.нет са спасылкай на Bloomberg.
Са слоў прэзідэнта ЗША, захаванне санкцый патрэбнае, каб дамагчыся ад Расеі ўстойлівага спынення агню ў Данбасе і выканання Менскіх пагадненняў у поўным аб'ёме.
19 сакавіка лідары 28 краін ЕЗ на саміце ў Бруселі павінны прыняць пастанову што да падаўжэння санкцый, прынятых год таму пасля анэксіі Крыма. 16 сакавіка вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у пытаннях сумеснай замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыка Магерыні заявіла, што ЕЗ гатовыя працягнуць санкцыі супраць Расеі ў сувязі з незаконнай анэксіяй Крыма і Севастопаля.