Аляксей Навальны: Патрэбныя санкцыі супраць тысячы расейцаў з «партыі вайны»
- 18.03.2015, 14:21
Гэта прывядзе да павелічэння кошту іх супрацоўніцтва з Пуцінам.
Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны мяркуе, што пастаўкі Штатамі зброі Украіне «будуць памылкай». Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю газеце The Washington Post, піша gordonua.com.
«Я не думаю, што пастаўкі смяротнай зброі змогуць кардынальна змяніць сітуацыю. Справа ў тым, што перамога ў вайне Украіны над Расеяй немагчымая. Пуцін жа атрымае новыя аргументы, што гэта амерыканцы за вайну ва Украіне, а не ўкраінцы», - сказаў Навальны.
З ягоных слоў, дэмакратычныя сілы наогул «недаацанілі, наколькі далёка Пуцін гатовы пайсці для захавання сваёй улады і папулярнасці».
Наўзамен паставак зброі Навальны раіць павялічваць санкцыі ў дачыненні да расейскай эліты.
«Увядзенне віз і фінансавых абмежаванняў для алігархаў ударыць па рэжыму Пуціна больш, чым дроны. Асабістыя санкцыі павінны быць уведзеныя не супраць 12 чалавек, а супраць партыі вайны, супраць тысячы чалавек», - сказаў Навальны.
На ягоную думку, «гэта прывядзе да павелічэння кошту іх супрацоўніцтва з Пуцінам. І гэта магло б дапамагчы раскалоць [расейскія] эліты».