Дэдалярызацыя на траіх
- 20.03.2015, 21:05
Пуцін, Назарбаеў і Лукашэнка імкнуцца да валютнай уніі.
Адкладзеная тыдзень таму сустрэча кіраўнікоў Расеі, Беларусі і Казахстана ўсё ж такі адбылася ў Астане. Стораны доўга не маглі вызначыцца з фарматам: ці то саміт пройдзе ў рамках Еўразійскай саюза, ці то будзе прысвечаны працэсу выканання менскіх дамоўленасцяў, ці то візіт Пуціна прымеркаваны да будучых прэзідэнцкіх выбараў у Казахстане. У выніку лідэры пагаварылі пра ўсё. Але найперш - пра фінансавы крызіс. І, здаецца, наважылі: пара аб'ядноўвацца ў валютную ўнію, піша Lenta.ru.
Рэзідэнцыя Нурсултана Назарбаева «Ак Орда» (у перакладзе з казахскай мовы - «Белая Арда») стаіць у снягах. У Астане яшчэ зіма. Непадалёк, перад гарадской мэрыяй, ладным шэрагам выцягнуліся юрты. Яны вядуць да падножжа помніка Абаю Кунанбаеву - казахскаму паэту і філосафу. «Можа, гэта ў іх Акупай Абай такі», - жартавалі расейскія журналісты. Выявілася, так ідзе падрыхтоўка да свята вясны Наўрыз. Яго ў краіне будуць адзначаць цэлых пяць дзён. Але святочны настрой Астаны не перадаўся гасцям сталіцы.
«Час настолькі сціслы, што кожны год нам даводзіцца рэагаваць на нейкія выклікі!» - бедаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён зноў выказаў ахвоту абараняць агульную гісторыю ад спробаў яе скрыўлення і нават знішчэння. Пэўна, ордэн Аляксандра Неўскага, надоечы ўручаны прэзідэнтам Расеі, надаў яму ваяўнічасці.
Аб сур'ёзных выкліках казаў і Назарбаеў. «Цяперашні крызіс, сусветны, а асабліва рэгіянальны, выкліканы моцным зніжэннем кошту энэрганосьбітаў і нашых тавары. Мы ведалі, што такія рызыкі ў нас будуць, - запэўніў ён. - І наша задача цяпер дамовіцца і вельмі спраўна абмеркаваць усе гэтыя справы».
Але доўгага абмеркавання не здарылася. Сустрэча ў Астане насіла нефармальны характар. Жорсткага парадку не было, падпісваць дакумэнты не планавалася.
«Перамовы былі непрацяглыя, але насычаныя. Чаму менавіта так? Бо аб'ём нашых стасункаў, нашага супрацоўніцтва вельмі вялікі, і ўсе праблемы нам вельмі добра вядомыя, - тлумачыў Уладзімір Пуцін. - Таму мы былі вельмі канкрэтныя і абмяркоўвалі ўсе пытанні канкрэтна».
Ён адзначыў, што нягледзячы на падзенне нафтавага кошту, Расея ў выніку мінулага года ўсе ж такі паказала невялікі рост УБП - 0,6%. Нагадаў пра антыкрызісны план падтрымкі эканомікі і сацыяльнай сфэры на суму 2,3 трыльёна рублёў. І распавёў пра пастанову пра дадатковую капіталізацыю сістэмаўтваральных расейскіх фінансавых устаноў і банкаў на 1 трыльён рублёў.
Нарэшце Пуцін падзяліўся галоўнай навіной: «Думаем, надышоў час пагаварыць і аб магчымасці фармавання ў пэрспэктыве валютнай уніі. Працуючы поплеч, прасцей рэагаваць на вонкавыя фінансава-эканамічныя пагрозы, абараняць наш супольны рынак». Прэзідэнт РФ ужо даручыў Цэнтрабанку і ўраду прапрацаваць гэтае пытанне да 1 верасня 2015 года. Гаворка, відавочна, ідзе аб выпрацоўцы адзінай валютнай палітыкі і пераходу ва ўзаемных разліках на рэгіянальныя валюты - расейскі рубель, казахскі тэнге і беларускі рубель. Цікава, што адмова ад даляра - адна з прыярытэтных эканамічных тэм унутры Казахстана, тут ва ўжытку нават тэрмін «дэдалярызацыя», ім пазначаюць шэраг крокаў для зніжэння залежнасці нацыянальнай эканомікі ад амэрыканскай валюты.
У агульным жа на гучнай ноце ўзмацнення інтэграцыі можна было б сустрэчу і зусім закончыць. Але казахскія журналісты мелі свае пытанні. Калі Пуцін ужо пакідаў залу, яны пацікавіліся ягоным меркаваннем аб будучых 26 красавіка выбарах у Казахстане.
«Правакацыйнае пытанне», - заўважыў Назарбаеў, які ішоў поруч. «Нармальнае, - не пагадзіўся Пуцін. - Для ўсіх, хто любіць Казахстан, хто шануе яго стабільнае, паступальнае і вельмі прыкметнае развіццё, вядома, вельмі важна гэтымі днямі падтрымаць прэзідэнта Казахстана. І я, вядома, таксама сярод іх».
Яшчэ адной важнай тэмай для абмеркавання ў Астане, безумоўна, сталі менскія дамоўленасці, дасягнутыя 12 лютага. «Вельмі разлічваю на тое, што ўлады ў Кіеве будуць цалкам іх выконваць», - заўважыў Пуцін. Больш прэзідэнт Расеі нічога пра гэта не сказаў. За яго казаў прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў. Ён назваў сітуацыю небяспечнай і заявіў, што Кіеў не выконвае пагадненні належным чынам. А між тым адказнасць за іх выкананне ў Еўразвязе ўсклалі на Маскву, дапасаваўшы будучыню санкцый супраць Расеі да рэалізацыяй менскіх дамоўленасцяў.
«Мы ўважаем за лепшае ў нашым парадку дня займацца стваральнымі пытаннямі, а не такімі дэструкцыйнымі тэмамі, як санкцыйная рыторыка», - пракамэнтаваў гэтую пастанову прэс-сакратар прэзідэнта. Але ўсё ж дадаў: «Расейская Федэрацыя будзе рабіць тое, што адпавядае яе нацыянальным інтарэсам у плане санкцый у адказ».
І ўжо па заканчэнні саміту крыніцы выказалі здагадку, што асобным пунктам Уладзімір Пуцін мог пазначыць і тэму ўступу Кыргызстана ў Еўразійскі саюз. Гэты працэс цяпер спрабуе паскорыць афіцыйны Бішкек, пра што прэзідэнт рэспублікі Алмазбек Атамбаеў паведаміў Уладзіміру Пуціну ў часе сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу. Ён акрэсліў тэрміны - улады КР хацелі б падпісаць усе патрэбныя паперы да 9 траўня 2015 года.
«Гэты момант больш за ўсё мае патрэбу ў прапрацоўцы і, галоўнае, абмеркаванні», - заўважылі крыніцы, блізкія да канцылярыі казахстанскага прэм'ера. На іх думку, ініцыятыва Бішкека павінна была сустрэць вельмі стрыманую рэакцыю Менска і Астаны. «У кожным выпадку хуткага развязання ў гэтай сфэры няма і быць не можа, таму прэзідэнты ўзялі пярэрву, па якой ЕАЭС выпрацуе агульную пазіцыю», - паведамілі крыніцы ў сталіцы Казахстана. «Аднак калі ўлічыць, што наступны раз прэзідэнты плануюць сустрэцца акурат напярэдадні Дня Перамогі ў Маскве, - падрахавалі астанскія чыноўнікі, - мусібыць, тэрміны ўступу Кыргызстана трохі зрушацца».