Працоўны з Асіповічаў: Плацяць 1,5 мільёна і прымушаюць браць адпачынкі
- 23.03.2015, 16:04
На Асіповіцкім заводзе аўтаагрэгатаў усё больш і больш выхадных, заробкі - не ў час, працоўныя звальняюцца.
Раней паведамлялася аб тым, што Асіповіцкі завод аўтаагрэгатаў не працаваў палову тыдня. На заводзе сітуацыю каментаваць charter97.org па-ранейшаму адмаўляюцца, сітуацыю дэталёва тлумачаць самі супрацоўнікі.
«У сакавіку ўсе пятніцы - за свой кошт. А чацвер 5 і панядзелак 9 сакавіка нам зрабілі выходнымі на 2/3 тарыфнага акладу. Мяркуецца, што 30 і 31 сакавіка таксама будуць выходнымі. На красавік ужо ёсць загад аб чатырох днях за свой кошт, а з сярэдзіны 2014 кожны месяц было некалькі дадатковых выходных дзён, - піша чытач.
Ён распавядае, што сітуацыя пагоршылася з пачатку 2015 года.
«У студзені 2015 у нас было 12 рабочых дзён. Большасць работнікаў за студзень атрымала заробак у памеры 1,5 - 3 мільёны. Заробак з некаторага часу выплачваецца дзвюма роўнымі часткамі, з 15 да 18, і з 23 да 25 чысла. У снежні, студзені і першай частцы лютага выдалі на некалькі дзён пазней, раней такога ніколі не было. 18 сакавіка першую частку заробку таксама не выдалі, нічога не патлумачыўшы. Гэтая частка з’явілася 20 сакавіка. Сёння павінны даць другую частку, у чым няма ніякай упэўненасці. Апошняе падвышэнне заробку на некалькі адсоткаў было тры гады таму», - піша ён.
Чытач мяркуе, што праблемы на АЗАА звязаныя з праблемамі на заводзе МАЗ.
«Большая частка вытворчасці арыентаваная на МАЗ, таму план на прадукцыю катастрафічна паменшыўся і на нашым заводзе. Для выдачы заробку бярэцца крэдыт у банку, які цягам апошніх месяцаў выдаюць, відавочна, неахвотна. Працоўныя масава бягуць з заводу. Добрых і наогул любых перспектыў ніхто не агучвае», - мяркуе ён.
Нагадаем, апошнім часам многія прадпрыемствы пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць рабочых пісаць заявы на адпачынкі за свой кошт. Так, толькі за пачатак сакавіка ў рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Менскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» ды іншыя.