На «Нафтане» пачаліся масавыя скарачэнні
- 24.03.2015, 11:02
На прадпрыемстве скарацілі 600 рабочых.
Завод «Палімір», які ўваходзіць у склад ААТ «Нафтан», спыніў выпуск сінтэтычнага валакна Нітрон-З, аднаго з асноўных відаў сыравіны, якія выкарыстоўваюцца ў беларускай лёгкай прамысловасці. Прадпрыемства пазбавілася блізу 600 працоўных месцаў.
Пра гэта praca-by.info распавялі працаўнікі завода «Палімір».
Яны паведамілі, што вытворчасць спыніла выпуск прадукцыі з 16 сакавіка.
- Нас загадзя папярэдзілі аб скарачэнні. Прафсаюзы нічога не зрабілі дзеля захавання працоўных месцаў. Праўда, і работнікі не абураліся. Наймальнік, вядома, прапаноўваў месца на заводзе, і вялікую частку работнікаў перавялі на іншыя працоўныя месцы, але засталося прыкладна блізу 200 чалавек непрацаўладкаваных. Многія пагадзіліся на скарачэнне, ім выплацілі па пяць сярэдніх заробкаў. Гэта, у асноўным, пенсіянеры. Але ёсць сярод звольненых і моладзь. Перад закрыццём нас далучылі да іншай вытворчасці, таксама валакна, але іншага, зрабілі агульную вытворчасць сінтэтычнага валакна і аб'явілі, што неабходна скараціць магутнасці.
Работнікі расказалі, што такая ж доля чакае яшчэ блізу шасці прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці горада.
Старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) працаўнікоў ААТ «Нафтан» Іван Святоха пацвердзіў інфармацыю, якая паступіла ад працоўных, адзначыўшы пры гэтым, што працэс праходзіць строга ў адпаведнасці з законам і калектыўнай дамовай.
- Створана камісія працаўладкавання. Разглядаецца справа кожнага работніка персанальна, у першую чаргу, льготнікі, згодна з заканадаўствам. Камісія засядае два разы на тыдзень, і будзе засядаць датуль, пакуль усе працаўнікі не будуць працаўладкаваныя. Пакуль усё ідзе так. Калі нашых сябраў скарачаюць, я таксама прысутнічаю, - распавёў прафсаюзны лідар.
Ён растлумачыў, што пастанова наймальніка звязаная са стратнасцю вытворчасці.
- На былой савецкай прасторы такіх вытворчасцей ужо наогул няма. Наша заставалася апошняй. Вядома, калі скарачаюць вытворчасць, у гэтым няма нічога добрага, але наймальнік пайшоў на ўсё, каб зрабіць гэты працэс як мага менш балючым. Кіраўніцтва пагадзілася выплаціць па пяць сярэднямесячных заробкаў у якасці выхадной дапамогі, таму пенсіянеры нават у выйгрышы засталіся, - пракаментаваў Іван Святоха.
Нагадаем, апошнім часам многія прадпрыемствы пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць рабочых пісаць заявы на адпачынкі за свой кошт. Так, толькі за пачатак сакавіка ў рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Менскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» ды іншыя.