За пяць гадоў замежная запазычанасць Беларусі падвоілася
- 24.03.2015, 15:01
Паводле звестак Нацыянальнага банку, на 1 студзеня 2015 года валавая замежная запазычанасць Беларусі склала 4 тысячы 225,4 даляра на адзінку насельніцтва.
Цягам апошніх пяці гадоў гэты паказчык практычна падвоіўся, піша БелаПАН.
Так, на 1 студзеня 2010 года валавая замежная запазычанасць на адзінку насельніцтва складала 2 тысячы 332,1 даляра; на 1 студзеня 2011-га - 2 тысячы 995,7; на 1 студзеня 2012-га - 3 тысячы 594,5; на 1 студзеня 2013-га - 3 тысячы 568,2; на 1 студзеня 2014 года - 4 тысячы 184,7 даляра.
Іншыя крытэрыі ўстойлівасці запазычанасці, паводле звестак Нацбанку, склаліся на пачатак 2015 наступным чынам: адносіны валавой замежнай запазычанасці да ВУП склалі 52,8% (на 1 студзеня 2014-га - 54,4%); адносіны валавой замежнай запазычанасці да экспарту тавараў і паслуг павялічыліся ў параўнанні з 1 студзеня 2014 года на 2 працэнтныя пункты і дасягнулі 92%.
Золатавалютныя рэзервы Беларусі на пачатак 2015 адпавядалі 34,8% кароткатэрміновай замежнай запазычанасці (на 1 студзеня 2014-га - 42,5%).
За 2014 на абслугоўванне валавой замежнай запазычанасці (без уліку плацяжоў па гандлёвых крэдытах і кароткатэрміновых абавязаннях банкаў) было накіравана 11,1 млрд даляраў, што эквівалентна 14,6% ВУП, або 25,4% экспарту тавараў і паслуг.
«У тым ліку на выплату асноўнай пазыкі выдаткавана 9,6 млрд даляраў, на плацяжы працэнтаў і іншых выплат - 1,4 млрд даляраў», - канстатуюць спецыялісты Нацбанку.
Паводле стану на 1 студзеня 2015 года валавая замежная запазычанасць Беларусі складала 40,1 млрд даляраў і за 2014 павялічылася на 440,3 млн даляраў, або на 1,1%.
«За кошт праведзеных аперацый (адзначаных у плацежным балансе) замежныя абавязанні пазыкі павялічыліся на 2,6 млрд даляраў, за кошт курсавой і вартаснай пераацэнак знізіліся на 2,4 млрд даляраў, за кошт іншых змен (у выніку перагляду класіфікацыі і іншага) - павялічыліся на 0,2 млн даляраў», - адзначаецца ў паведамленні Нацбанку.