Прэмія «Хартыі-97» у Дзень Волі
- 25.03.2015, 20:29
У Дзень Волі 25 сакавіка сайт charter97.org уручыў Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча.
Лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі за 2014 год у намінацыі «За асабістую мужнасць» сталі былыя палітвязні Эдуард Лобаў і Васіль Парфянкоў, а за «Смеласць у творчасці» - рэжысёр Антон Цялежнікаў і спартовец, чэмпіён свету Віталь Гуркоў.
Цырымонія ўручэнні прэміі прайшла ў Беларускім доме ў Варшаве.
Уручаючы прэмію, галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна заявіла:
«Прэмія была заснавана ініцыятывай «Хартыя-97» у 1998 годзе. За 17 гадоў яе атрымалі блізу сотні мужных беларусаў - актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў, музыкаў, мастакоў - людзей, якія змагаюцца за лепшую будучыню Беларусі.
Цяпер наша прэмія носіць імя аднаго з лідэраў беларускага Адраджэння Віктара Івашкевіча, які сышоў у 2013 годзе. Усё сваё жыццё Віктар Івашкевіч аддаў барацьбе за свабоду Беларусі. Гэты быў мужны, самаадданы, прынцыповы, сумленны чалавек. Сёння памяць пра Віктара дае нам веру і змогу працягваць сваю справу».
Рэжысёр Антон Цялежнікаў у сваіх фільмах «Беларускі рэзістанс», «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», «Гульня ў вайнушку», «Праклятыя і забытыя» зрывае з гісторыі Беларусі хлуслівае покрыва афіцыйнай прапаганды. Шырокую вядомасць Цялежнікаву прынеслі ягоныя кліпы з гістарычнай рэтраспектывай для вядомага рок-гурта «Дзецюкі» - «Лясныя браты» і «Хлопцы-балахоўцы». Падчас здымак у Беларусі аднаго з кліпаў рэжысёр быў арыштаваны разам з усёй здымачнай групай і музыкамі.
Прэмію рэжысёру ад імя сайта charter97.org уручаў легендарны беларускі мастак, кіраўнік суполкі «Пагоня» Алесь Марачкін:
«Сваёй творчасцю Антон Цялежнікаў змагаецца з сённяшнім рэжымам у Беларусі. Я ведаю, што ён не атрымае прызнання ад беларускіх улад. Але Антон змагаецца тым, чым можа - і гэта трэба і важна для Беларусі. Калі я заходжу ў сваю майстэрню, я бачу такую ж узнагароду, якую я атрымаў ад charter97.org некалькі гадоў таму - і яна мне грэе сэрца. З вялікай радасцю я ўручаю гэтую ўзнагароду Антону. Акрамя таго, я прывёз з Менска падарунак: кніжку «Калодзеж у жыццё» выдавецтва Логвінава, якое сёння «здушылі». Змогі табе, Антон, і здароўя. Мы пераможам!» - сказаў Алесь Марачкін.
«Мне вельмі прыемна, гэта для мяне падвойны падарунак - атрымаць такую ўзнагароду ў Дзень Волі ад маіх сяброў, - сказаў лаўрэат прэміі Антон Цялежнікаў. - Для мяне гэта з'яўляецца магутнай маральнай падтрымкай, патрэбнай у далейшай дзейнасці. Другім разам у жыцці я атрымліваю кветкі. Упершыню я атрымаў букет, як выйшаў пасля 15 дзён з турмы, калі быў у легендарным моладзевым руху «Зубр».
Гэта значыць, што мая барацьба працягваецца, але ўжо на іншым узроўні - на творчым. Важна, каб мы ўсе працягвалі сваю барацьбу разам і скаардынавана, бо перамога ўжо вельмі блізка: пра гэта кажуць апошнія падзеі.
Мая вялікая мара - каб Дзень Волі аднойчы стаў сямейным святам, а не вулічным. Цяпер вулічныя акцыі патрэбныя, але аднойчы гэты дзень будуць адзначаць проста ў сям'і», - сказаў Антон Цялежнікаў.
Прэмію для былога палітвязня Эдуарда Лобава атрымлівала ягоная маці Марына Лобава. Актывіст правёў у зняволенні 4 гады. Эдуарда арыштавалі ў выніку правакацыі 18 снежня 2010 года напярэдадні акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. На волю ён выйшаў толькі некалькі месяцаў таму.
Лобаў не змог сёння быць у Варшаве, бо пасля вызвалення яму забаронена выязджаць з Беларусі - апазіцыянер знаходзіцца пад наглядам міліцыі. Але сёння на акцыю ў Дзень Волі прыйшоў і быў затрыманы.
Лёс Эдуарда Лобава дэманструе, наколькі важна сёння патрабаваць не толькі вызвалення, але і рэабілітацыі палітвязняў.
Прэмію Эдуада Лобава ягонай маці ад імя charter97.org уручыла Вольга Бандарэнка - жонка былога палітвязня Змітра Бандарэнкі, лідэра ініцыятывы «Вызваленне», якая добра ведае, што такое змагацца за роднага чалавека.
«Як бы не расплакацца. Мы з Марынай шмат што прайшлі разам. Яна так шмат зрабіла і так падтрымлівала сына. Мы разам грукаліся ва ўсе дзверы: хадзілі ў амбасады, пісалі лісты, арганізоўвалі выставы, рыхтавалі перадачы ў турмы... Сёння мы нарэшце змаглі з Марынай сустрэцца пасля таго, як Эдзік выйшаў на волю. І ў такое свята...
Эдуард заўсёды хацеў стаць вайскоўцам, ён служыў у спецвойсках - гэтак жа, як і мой муж. Але ён разумее, што калі б быў у цяперашнім беларускім войску, то вымушаны быў бы служыў рэжыму і дыктатару. Аднак ён абраў свой шлях і застаўся байцом. Мне ўдвая прыемна ўручыць узнагароду Эдуарду праз Марыну», - сказала Вольга Бандарэнка.
Марына Лобава ў сваю чаргу адзначыла:
«Хачу павіншаваць усіх з нашым цудоўным святам, з Днём волі, і хачу ад імя майго сына падзякаваць за гэтую прэмію, уручаную ў такі важны дзень. Ён удзячны за тое, што яго сціплы ўклад за барацьбу за свабоду ў Беларусі так высока ацэнены. Я б хацела, каб у наступным годзе такія ўзнагароды ўручаліся ўжо ў Менску - у вольным і дэмакратычным. І каб нашу свабодную Беларусь прэзэнтавалі нашы свабодныя сімвалы - наш герб, наш сцяг і наш гімн».
Мастак Алесь Марачкін падарыў Марыне Лобавай сваю кнігу, адзначыўшы:
«Я далучаюся да гэтых слоў і дару кнігу для Эдуарда - тут ёсць паэма «Акрэсціна». Я мяркую, што той, хто за цяперашнім рэжымам не быў за кратамі - той не змагар!».
Наталля Радзіна таксама распавяла пра двух іншых лаўрэатаў прэміі charter97.org - чэмпіёна свету ў муай-тай Віталя Гуркова і былога палітвязня Васіля Парфянкова. Гуркоў цяпер знаходзіцца на спартовых спаборніцтвах, а Парфянкоў - ва Украіне. Прэмія ім будзе ўручаная найбліжэйшым часам.
На цырымоніі таксама выступіў лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года і былы палітвязень Андрэй Саннікаў:
«Жыве Беларусь! Прэмія Хартыі-97 упершыню ўручаецца ў нашае нацыянальнае свята, у дзень Незалежнасці. Думаю, гэта добры знак. Хацеў бы павіншаваць усіх лаўрэатаў - я амаль усіх знаю асабіста, акрамя Эдуарда. Рады, што ягоная мама тут, і віншую яго з выхадам на волю.
Хацеў бы сказаць пра Васіля Парфянкова: ён толькі выйшаў з-за кратаў - і адразу далучыўся да акцый салідарнасці. Калі я выйшаў сам, я сустрэў Васіля каля Чырвонага касцёла падчас малітваў за вызваленне палітвязняў. З усіх лаўрэатаў ён знаходзіцца цяпер у самай складанай сітуацыі, бо знаходзіцца на Данбасе і змагаецца за нашу свабоду, за свабоду Украіны і за свабоду ўсёй Еўропы. Мы ўсе зычым яму шчасця, і каб яму шанцавала.
Хачу сказаць пра Антона Цялежнікава. Я пазнаёміўся з ім 15 гадоў таму і ганаруся тым, што яго знаю. Вельмі рады за яго, бо ён заўсёды марыў займацца творчасцю. Антон, тое, што ты робіш - вельмі важна для нас усіх.
Не выпадкова, што трое з чатырох сённяшніх лаўрэатаў наўпрост звязаныя з тым, што адбываецца ва Украіне. Напраўду - гэта наша агульная барацьба за свабоду, за вызваленне з-пад расейскага дамінавання. А калі ўспомніць тое, што тут сёння гаварылася, то ясна, што план ужо ёсць - святкаванне прэміі Хартыі-97 у Палацы Рэспублікі ў дзяржаўнае свята Дзень Волі ў Менску».