BE RU EN

Птушкафабрыкі ў Берасцейскай вобласці - на мяжы банкруцтва

  • 25.03.2015, 21:22

Адразу дзве птушкафабрыкі ў Берасцейскай вобласці апынуліся на мяжы банкруцтва.

Пасля таго як кошты свініны ды ялавічыны былі адпушчаныя ў «вольнае плаванне», беларусы ўсё часцей сталі аддаваць перавагу птушцы. За апошнія гады спажыванне мяса бройлераў ў нашай краіне вырасла ледзь ці не ўтрая. Нават у варунках цяперашняга неабвешчанага крызісу птушкагадоўчая галіна адчувае сябе нядрэнна, хоць яе дырэктары і скардзяцца на немагчымасць падняць кошты сваёй прадукцыі. Тым не менш, за апошні год адразу два прадпрыемствы галіны ў Берасцейскай вобласці апынуліся на мяжы банкруцтва, піша «Вечерний Брест».

У лістападзе мінулага года эканамічны суд Берасцейскай вобласці вынес пастанову аб прызнанні ААТ «Птушкафабрыка «Меднаўская» эканамічна неплатаздольнай з увядзеннем у дачыненні да яе санацыі тэрмінам 18 месяцаў. А ў лютым справа аб банкруцтве была распачатая і ў дачыненні да ААТ «Кобрынская птушкафабрыка». На першай цяпер, пасля аддзялення ад «Меднаўскага ўнітарнага прадпрыемства «Прылуцкая старана», працуе 233 чалавекі, на другой - 356.

На Берасцейшчыне прамысловай птушкагадоўляй займаюцца дзесяць сельгаспрадпрыемстваў. Палова спецыялізуецца на вытворчасці мяса (чатыры вырабляюць мяса бройлера, адно - мяса качкі), іншая палова - на вытворчасці яек. «Меднаўская» належыць да першай групы, «Кобрынская птушкафабрыка» - да другой. Аб'ядноўваюць гэтыя два прадпрыемствы невялікія маштабы вытворчасці. Калі, да прыкладу, птушкафабрыка «Дружба», што ў Баранавіцкім раёне, зрабіла за мінулы год 56 тысяч тон мяса бройлера, ААТ «Камароўка» - 14 тысяч тон, то на долю «Меднаўскай» і СТАА «Заходняе» (Столінскі раён), якое належыць кампаніі «Інка-Фуд» і працуе на яе патрэбы, супольна прыпадае толькі 11 тысяч тон мяса.

Фінансавае становішча птушкагадоўчых прадпрыемстваў проста прапарцыйнае аб'ёмам вытворчасці. За 9 месяцаў працы ў 2014 годзе «Дружба» атрымала 97млрд рублёў чыстага прыбытку (звесткі дэпартамента аб каштоўных паперах Мінфіна РБ), «Меднаўская» - 16 млрд рублёў страты. І справа не толькі ў тым, што менавіта на буйных вытворчасцях была праведзеная маштабная мадэрнізацыя. У «Меднаўскую» таксама ўкладзена нямала сродкаў. У тым ліку на будаўніцтва новага забойнага цэха. Аднак прадпрыемства не змагло канкурыраваць з іншымі вытворцамі. Калі «Камароўка» толькі пачынала будаўніцтва птушнікаў у в. Прыбарава, была ў спецыялістаў аблсельгасхарчу ідэя зрабіць «Меднаўскую» яе падраздзяленнем для вырошчвання бацькоўскага статка. Аднак пастанова прымалася на больш высокім узроўні, і цяпер прадпрыемства праходзіць працэдуру санацыі.

Мінулы год для птушкагадоўчай галіны Берасцейшчыны быў даволі ўдалым, мяркуе намеснік старшыні камітэта сельскай гаспадаркі і харчаванню Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Буткевіч. Мяса птушкі і яек у краіне вырабляецца дастаткова, і перад вытворцамі ставіцца іншая задача - нарасціць экспартны патэнцыял.

Блізу паловы вырабленага на Брэстчыне мяса бройлера сыходзіць на экспарт, пераважна - у Расею. Але калі яшчэ ў сярэдзіне мінулага года нашы бройлеры былі таннейшыя за расейскія і разыходзіліся там «на ўра», то цяпер сітуацыя змянілася.

Між тым у Расеі таксама не дрэмлюць. Уведзеныя ёй забароны на ўвоз прадукцыі з краін ЕЗ падштурхнулі расейскі бізнэс нарошчваць уласныя вытворчасці. Што датычыцца вытворчасці мяса птушкі, то гэты кірунак развіваецца асабліва актыўна. І зразумела чаму - ён дае «хуткія» грошы. Сучасныя тэхналогіі адкорму птушак дазваляюць гадаваць іх «як на дражджах».

Паводле звестак аблсельгасхарча, на нашай «Дружбе», да прыкладу, сярэднясутачнае прыбаўленне на бройлерах складае 65 грамаў. Гэта значыць, за месяц рэальна вырасціць паўнавартаснага «таварнага» бройлера вагой амаль 2 кг. Для параўнання: свінню трэба адкормліваць паўгода. Быка - амаль паўтара. Вытворчасць жа мяса бройлера абяцае хуткае абарачэнне грошай, што і робіць яе прывабнай у вачах бізнэсу.

Афіцыйна мяркуецца, што ўжо найбліжэйшыя гады Расея цалкам пакрые свае патрэбы ў мясе птушкі, затым можа стаць адным з асноўных яго экспарцёраў. І калі гэта здарыцца, ці зможам мы ўтрымацца на расейскім рынку?

Што да прадпрыемстваў, у дачыненні да якіх была распачатая конкурсная справа, то, мяркуюць у аблсельгасхарчы, гаворка пра тое, каб Меднаўская і Кобрынская птушкафабрыкі былі зачыненыя або ліквідаваныя, не ідзе наогул. «Гэта ўсяго толькі санацыя. Гэта нармальны эканамічны працэс, магчымасць аздаравіць прадпрыемства, - упэўнены Сяргей Буткевіч. - Працэдура санацыі закліканая, умоўна кажучы, на час расчысціць фінансавую тэрыторыю, каб надалей прымаць стратэгічныя пастановы. Гэтыя прадпрыемствы адназначна будуць захаваныя».

Апошнія навіны