МАЗ спыняе працу да 6 красавіка
- 27.03.2015, 7:59
Рабочых адправяць у вымушаныя адпачынкі.
Падобныя праблемы могуць закрануць усю машынабудаўнічую галіну, пішуць «Белорусские новости».
МАЗ трапіў пад сусветную тэндэнцыю?
Як патлумачылі на Менскім аўтазаводзе, апошнім часам ёмістасць рынку аўтамабільнай тэхнікі моцна ўпала. З гэтай прычыны прадпрыемства адчувае цяжкасці са збытам.
Паводле звестак расейскага аналітычнага агенцтва «Аўтастат», летась на расейскім рынку МАЗ рэалізаваў на 22,7%, або 2238 грузавых аўтамабіляў менш, чым у 2013 годзе.
За два месяцы гэтага года Менскі аўтазавод прадаў у Расею 794 грузавыя аўтамабілі, што на 38,2% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Сітуацыя, што склалася прымусіла прадпрыемства праводзіць больш гнуткую палітыку вытворчага працэсу, каб не працаваць на склад.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, МАЗ спыняе канвеер вытворчасці грузавікоў з 27 сакавіка да 6 красавіка. Рабочых адправяць у адпачынкі з захаваннем дзвюх трацінаў ад заробку.
http://belapan.com/webroot/delivery/swf/player.swf
Большая частка апытаных рабочых Менскага аўтамабільнага завода пацвердзіла прыпынак галоўнага канвеера.
МАЗ - не адзінае прадпрыемства ў Беларусі, якое адчувае цяжкасці са збытам прадукцыі і таму пераводзіць рабочых на няпоўны працоўны тыдзень альбо адпраўляе ў вымушаныя адпачынкі. Афіцыйныя статыстычныя звесткі ярка кажуць аб існых праблемах беларускай прамысловасці.
За два месяцы гэтага года аб'ём вытворчасці прамысловай прадукцыі скараціўся на 5,8% у параўнанні са студзенем-лютым летась.
Запасы гатовай прадукцыі за люты выраслі на 2 трлн. рублёў і на 1 сакавіка склалі 38,6 трлн. рублёў або 87,5% да месячнага аб'ёму вытворчасці.
Сума чыстай страты стратных арганізацый прамысловасці за студзень 2015 г склала блізу 35 трлн. рублёў, што ў 26 разы больш, чым у студзені летась.
Упалі аб'ёмы экспарту прамысловай прадукцыі. Да прыкладу, за студзень 2015 г. у параўнанні з аналагічным перыядам летась экспарт грузавых аўтамабіляў скараціўся на 3,4%, трактароў - на 18,1%, сельскагаспадарчай тэхнікі - на 45,3%, седлавых цягачоў - на 62,9%.
«Прадпрыемствы не могуць арганізаваць збыт на ранейшым узроўні. У сувязі з гэтым ёсць два выйсці: далей вырабляць на склад альбо вырабляць такую колькасць тэхнікі, якая цяпер запатрабаваная на рынку», - тлумачыць старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец.
З двух негатыўных сцэнарыяў кіраўніцтва прадпрыемстваў, як правіла, выбірае другі - скарачэнне аб'ёмаў вытворчасці. Такі сцэнар вымушае кіраўніцтва прадпрыемстваў адпраўляць працоўных у вымушаныя адпачынкі альбо пераводзіць на няпоўны працоўны тыдзень.
Паводле афіцыйных звестак, за год колькасць работнікаў прамысловасці, якія працавалі ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці, вырасла ў 1,9 разы. Так, у студзені 2015 у рэжыме няпоўнай занятасці працавала амаль 80 тысяч чалавек. З іх 98,9% склалі работнікі апрацоўчай прамысловасці.
«Праз падзенне коштаў нафты, наступнай дэвальвацыі расейскага рубля, змены коштавай кан'юнктуры для машынабудавання ўсё вельмі моцна памянялася ў адмоўны бок, таму найбольш пацярпелай стараной будуць прадпрыемствы гэтай галіны. Каб сказаць, хто наступны, трэба паглядзець структуру збыту на кожным з прадпрыемстваў», - кажа Аляксандр Швец.