BE RU EN

«Магілёўтрансмаш» спыніў працу да 6 красавіка

  • 30.03.2015, 15:57

Рабочыя аднаго з найбуйнейшых магілёўскіх прадпрыемстваў знаходзяцца ў вымушаных адпачынках.

Пра гэта распавёў чытач charter97.org. З ягоных слоў, з 20 сакавіка супрацоўнікаў завода ААТ «Магілёўтрансмаш» зноў адправілі «гуляць».

«Працую на магілёўскім «Трансмашы». Мяне адправілі гуляць і сказалі, што да 1 красавіка магу не прыходзіць. Атрымліваецца, адпачываць давядзецца паўтара тыдня. А ў разліковым лісце ўбачу дулю», - скардзіцца ён.

У бухгалтэрыі магілёўскага філіяла ААТ «МАЗ» пацвердзілі інфармацыю аб адпачынку і распавялі, як гэта адаб'ецца на заробках.

«Заробак складзе 2/3 тарыфнага акладу. А адпачываем мы не да першага, а да шостага красавіка», - паведаміла бухгалтар.

Нагадаем, апошнім часам многія прадпрыемствы пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць рабочых пісаць заявы на адпачынкі за свой кошт. Так, толькі за пачатак сакавіка ў рэдакцыю charter97.org паступілі скаргі з такіх прадпрыемстваў як «Гомсельмаш», Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў, Бабруйскі завод дэталяў і агрэгатаў, «Магілёўтрансмаш», «Строммашына», МТЗ, «Гомельдрэў», Менскі падшыпнікавы завод, Беларуская чыгунка, ААТ «Віцебскія прадукты» ды іншыя.

Апошнія навіны