BE RU EN

Рабочым шклозавода «Ялізава» зменшылі заробак

  • 4.03.2015, 16:12

Працоўным плацяць 2/3 заробку, дапамогі выдаюць з затрымкамі.

Пра гэта паведаміў чытач charter97.org. З ягоных слоў, на найбуйнейшым у Беларусі заводзе ў вырабе шклотары вялікія цяжкасці з выплатай заробкаў і дапамог.

«Прыязджайце ў пасёлак Ялізава Асіповіцкага раёна. На шклозаводзе не плацяць ні дзіцячых дапамог, ні заробкаў. Зарплату за снежань аддалі 10 лютага. Палова завода сядзіць на 2/3 стаўкі. І пляваць усім, ёсць у цябе дзеці ці не», - піша чытач.

На прадпрыемстве сайту charter97.org пацвердзілі, што сітуацыя няпростая.

«Так, затрымкі дэкрэтных на самай справе былі, але іх у выніку выплацілі. А наогул так, шмат людзей працуюць на 2/3 стаўкі, працы няма і, магчыма, такая сітуацыя будзе доўжыцца вельмі нявызначаны час. Гэта звязана з абмежаванай падачай газу і мы вымушаныя працаваць у такіх варунках, на аварыйнай брані. Адпаведна, не ўсе лініі працуюць, а тыя працоўныя, якія не занятыя, - на 2/3 аплаты», - растлумачылі на прадпрыемстве.

Нагадаем, многія беларускія прадпрыемствы адчуваюць складанасці з выплатай заробкаў супрацоўнікам. Прынамсі, ужо некалькі месяцаў запар паступаюць паведамленні аб пераводзе прадпрыемстваў на чатырох-і трохдзёнку, аб няпоўных выплатах заробкаў і аб іх памяншэнні, а таксама аб прымусовым выпраўленні ў адпачынак за свой кошт.

Некалькі дзён таму прэзідыум Беларускага прафзвязу работнікаў прамысловасці падвёў вынікі працы за 2014. Прынамсі, было агучана, што на прамысловых прадпрыемствах Беларусі колькасць працоўных паменшылася больш чым на 10 тысяч чалавек. Больш за ўсё супрацоўнікаў страцілі такія прамысловыя гіганты, як ЗАТ «Атлант», ААТ «МАЗ», ААТ «Менскі маторны завод» і ААТ «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік».

Апошнія навіны