Супрацоўнікі ААТ «Віцебскія прадукты»: На прадпрыемстве - масавыя звальненні
- 5.03.2015, 15:32
«Аптымізацыя кадраў» пачалася з Новага года і закране ўсе крамы кампаніі.
Чытач charter97.org Андрэй распавёў аб звальненнях на ААТ «Віцебскія прадукты». Ягоная жонка працуе на гэтым прадпрыемстве і нядаўна сутыкнулася з сітуацыяй асабіста.
«З Новага года пачаліся звальненні супрацоўнікаў. Маюць план, колькі чалавек трэба звольніць на пэўным гандлёвым месцы. Усім, у каго сканчаюцца кантракты, прапануюць не падаўжаць іх з уласнага жадання з кіўком на тое, што лепш, маўляў, вы не падаўжайце, чым потым мы вас будзем змушаць да звальнення.
Акрамя гэтага на ААТ «Віцебскія прадукты» ў кожнага работніка маюцца карткі, але фактычна заробак на карткі работнікі атрымліваюць прыкладна раз у паўгода, а ўвесь астатні час - паводле ведамасці гатоўкай на рукі. Для чаго патрэбныя былі гэтыя карткі і з якіх прычын грошы на іх пералічваюцца вельмі рэдка - не зусім зразумела, калі ў асноўным заробак ідзе па ведамасці, - піша чытач.
Журналісту charter97.org удалося пацвердзіць інфармацыю, звязаўшыся з іншымі супрацоўнікамі ААТ «Віцебскія прадукты».
«Аванс давалі на рукі, а з гэтага месяца наогул скасавалі. Будзем атрымліваць грошы адзін раз у месяц. Наконт звальнення не ў курсе, прынамсі, у нашай краме ціха», - напісала Вікторыя.
«Я там ужо не працую, але ад знаёмых чула, што звальняюць», - паведаміла чытачка Дар'я.
«Я з'яўляюся ідэйным работнікам. Гэта значыць, працую за ідэю!», - жартуе чытачка Алена, - «Усё гэта абсалютная праўда. Толькі гэтыя звальненні называюць прыгожай фразай «аптымізацыя кадраў». На картку заробак сапраўды прыходзіць раз у паўгода. А яшчэ нам не плацяць прэмію з кастрычніка 2013 года. Ні ў адной краме, ніводнаму работніку!»
На самім прадпрыемстве журналісту charter97.org каментаваць сітуацыю адмовіліся.
Нагадаем, у краіне ўжо блізу паўгода паступаюць паведамленні аб пераводзе прадпрыемстваў на чатырох - і трохдзёнку, аб няпоўных выплатах заробкаў і аб іх памяншэнні, а таксама аб прымусовым выпраўленні ў адпачынак за свой кошт.