BE RU EN

Работнікаў «Крышталя» пазбавілі прэмій

  • 5.03.2015, 16:22

Прэміі складалі 30-40% ад акладу.

Працаўнікоў ААТ «Менск Крышталь», найбуйнейшага ў Беларусі вытворцы алкагольнай прадукцыі, пазбавілі прэміі, паведаміў «Салідарнасці» лідар прафзвязу работнікаў РЭП Генадзь Фядыніч.

- На прадпрыемстве выйшаў загад, згодна з якім работнікаў пазбавілі прэміі. Яна магла складаць 30-40% ад акладу. Чаму адміністрацыя пайшла на такі крок - нам невядома. У калектыўнай дамове прапісана, што прэміі выплачваюцца пры наяўнасці сродкаў. Няўжо прычына ў скарачэнні рэалізацыі прадукцыі? Што, людзі менш піць сталі? - задае пытанне Генадзь Фядыніч.

Намесніца генеральнага дырэктара ААТ «Менск Крышталь» у эканамічнай і фінансавай дзейнасці Алена Прыходзька каментаваць сітуацыю не пажадала. У прыёмнай прадпрыемства заявілі:

- Прэміі працаўнікоў проста так не пазбаўляюць. На гэта павінна быць прычына. Выдаюцца загады на падставе чаго? Перш чым людзі даносяць да вас паклёпы і скаргі, у вас павінна быць пісьмовае дакументальнае пацверджанне праз што, чаму і як.

- Так распавядзіце, чаму работнікаў пазбавілі прэміі.

- Я не павінна вам нічога распавядаць, - сказала прадстаўнік прадпрыемства.

ААТ «Менск Крышталь» - найбуйнейшы ў Беларусі вытворца лікёра-гарэлачных вырабаў: гарэлкі, віна, каньяку, настоек і бальзамаў. Колькасць працаўнікоў на прадпрыемстве складае блізу 1500 чалавек.

На сайце прадпрыемства і іншых інтэрнэт-рэсурсах размешчаны аб'явы аб пошуку работнікаў на некалькі вакансій. ААТ шукае загадчыка фірмовай крамай у Магілёве з заробкам ад 5,5 млн рублёў, слесара па рамонце аўтамабіляў 5 разраду (прамысловая зона «Калядзічы») з заробкам ад 5,8 млн, прыбіральшчыка тэрыторыі з заробкам ад 4 млн, эканаміста ў Менску з заробкам ад 6 млн.

Лідар прафзвязу работнікаў РЭП адзначае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі большасці беларускіх прадпрыемстваў апошнім часам:

- Усё больш прадпрыемстваў, якія пераходзяць на трохдзёнку. Можаце ўявіць, што калі на скарочаны працоўны тыдзень пераходзіць такі буйны завод як МАЗ, то за ім вымушаны скарачаць працоўны тыдзень і іншыя прадпрыемствы, якія працуюць на яго. Цяпер будуць пытанні нават што да прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукты харчавання. Пакупніцкая здольнасць людзей, на жаль, знізілася.

Апошнія навіны