Гародня: рынкі спусцелі, гандляры - у роспачы
- 5.03.2015, 19:00
Прадпрымальнікі ў Гародні чакаюць новага ўказа, не выходзяць на працу і пакуль не плацяць падаткі.
Слонімскія гандляры напісалі зварот да кіраўніцтва раёна і патрабуюць сустрэчы з уладамі.
Сёння пераважная большасць гарадзенскіх прадпрымальнікаў не выйшлі працаваць на рынкі. Дзе-нідзе адзінкі гандляроў расклалі тавар - праўда, пераважна гэта тыя, хто гандлюе беларускім таварам і мае ўсе належныя дакумэнты, перадае «Радыё Свабода».
На рынку «Цэнтральны» ў Гародні гандлюе адна жанчына. Кажа, што ў яе беларускі тавар, і прыйшла яна сёння толькі таму, што мела ад людзей канкрэтную заяўку.
Яна распавяла, што пакуль дакладна ніхто не ведае, якім будзе новы ўказ аб іхняй працы. Ходзяць толькі розныя чуткі. Асабліва палохае тое, што нібыта падвысяць падаткі ў разы, а прадпрымальнікі нават з цяперашнімі выплатамі не могуць утрымліваць бізнэс. Больш за ўсё, з ейных слоў, палохае тое, што ніхто нічога не кажа.
«Стварылі такія варункі, што немагчыма працаваць. Вось паглядзіце, якія падаткі мы ўжо цяпер плацім. Страхавыя ўнёскі складаюць 735 тысяч за месяц. Падаткі – 2,8 млн - гэта на адзенне, а на абутак яшчэ болей. Дадайце арэнду. А гандлю зусім няма. У мяне за месяц прададзена 16 адзінак тавару, і я ўтаргавала 1 430 тысяч. Я нават не вярнула грошы, якія ўклала. А заробкі якія ў людзей? Мы вось шукалі ў інтэрнэце - 2 мільёны 100 тысяч - 2 мільёны 400 тысяч. Заплаці за кватэру - і за што жыць, і як жыць?» - распавяла прадпрымальніца.
Яшчэ адзін прадпрыемец пераказвае апошнія чуткі. Маўляў, сёння-заўтра апублікуюць новы ўказ, пад канец тыдня выйдуць усе працаваць. Падатак узнімуць да 5 мільёнаў, і ніхто да дакумэнтаў чапляцца не будзе.
«І калі людзям будзе выгадна, то яны будуць працаваць, а калі не, то і не будуць. А значыць, пачнецца працэс банкруцтва. З маіх назіранняў, гэта можа быць ужо або ў траўні, альбо ўлетку», - кажа ён.
Прадпрыемец тлумачыць гэта тым, што грошай у пакупнікоў вельмі мала, і таму прадпрымальнікі не змогуць выплачваць нават цяперашнія падаткі.
Наступны суразмоўца кажа, што працэс прыняцця новага ўказа здоўжыўся, а гэта, з ягоных слоў, можа азначаць толькі тое, што варункі для іхняй дзейнасці згодна з новым указам, мусіць, будуць неспрыяльныя. Ён раіць лідэрам прадпрымальніцкага руху ў Менску ў панядзелак ісці ў адміністрацыю Лукашэнкі і несці свае прапановы да новага ўказу.
А вось у Слоніме прадпрымальнікі, не дачакаўшыся новага ўказа, не сталі плаціць падаткі, выходзіць на працу, а сёння сабралі сход і напісалі зварот да кіраўніцтва раёна. Са слоў актывіста прадпрымальніцкага руху, тое, што падатак мерацца павысіць удвая, іх не задавальняе, таму яны ўносяць свае прапановы на мясцовым узроўні.
«Мы прапануем знізіць каэфіцыент адзінага падатку да 1,5%, не дапусціць падвышэння каэфіцыента на падатак на дададзеную вартасць, не дапусціць падвышэння ставак арэнднай платы і арганізаваць сустрэчу прадпрымальнікаў з кіраўніцтвам раёна», - паведаміў ён.