BE RU EN

Аляксандр Вершбаў: Нямцова забілі праз падзеі ва Украіне

  • 6.03.2015, 10:21

Апазіцыянер быў праціўнікам вайсковага ўдзелу Масквы ў канфлікце на ўсходзе Украіны.

Намеснік генеральнага сакратара NATO Аляксандр Вершбаў заявіў, што, на ягоную думку, забойства расейскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова так ці інакш звязана з падзеямі ва Украіне. Са слоў Вершбава, апазіцыянер для многіх апанентаў апошнім часам быў, перш за ўсё, праціўнікам вайсковага ўдзелу Масквы ў канфлікце на ўсходзе Украіны, піша "Лiга.нет".

Са слоў Вершбава, яшчэ да забойства Нямцова стала ясна, што расейскае ўварванне ва Украіне мае ўсё меншую падтрымку ў расейскім грамадстве.

"Мэта прэзідэнта Пуціна, здаецца, можа быць у паслабленні Украіны і падаўленні альтэрнатыўнага меркавання ў Расеі з тым, каб прадухіліць з'яўлення расейскага Майдана. Пасля жорсткага забойства Барыса Нямцова ў мінулую пятніцу мы бачым, што ахвяры (гэтага канфлікту) ёсць не толькі на ўсходзе Украіны. Хоць мы і не ведаем, хто націснуў на курок, мы разумеем, што Барыс Нямцоў быў абаронцам дэмакратыі і праціўнікам умяшання Расеі ў падзеі ва Украіне - гэта значыць быў адным з тых, каго афіцыйная расейская прапаганда называе "здраднікамі" і "пятай калонай", - сказаў Вершбаў.

Са слоў Вершбава, расейскаму ўраду становіцца ўсё цяжэй хаваць ад насельніцтва гібель вялікай колькасці расейскіх вайскоўцаў на ўсходзе Украіны.

Нагадаем, за дзень да гібелі Нямцоў напісаў сваёй паплечніцы ў партыі РПР-Парнас Вользе Шарынай ліст, у якім выклаў дэталі свайго расследавання аб Украіне.

Барыс Нямцоў быў забіты ўвечары 27 лютага ў цэнтры сталіцы. У яго стрэлілі шэсць разоў. Распачатая справа паводле артыкулаў аб забойстве і незаконным абарачэнні зброі.

Апошнія навіны