BE RU EN

Затрыманыя паводле справы аб забойстве Нямцова прызналі віну?

  • 8.03.2015, 8:53

Заур Дадаеў і Анзор Губашаў, паводле звестак СМІ, прызналіся ў датычнасці да забойства.

Пра гэта сцвярджае газета "Коммерсант", якой удалося даведацца некаторыя дэталі затрымання. Аб затрыманні меркаваных злачынцаў раней у суботу паведаміў кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў. Гэтыя два чалавекі, магчыма, знаходзіліся ў аўтамабілі, які з'ехаў з Вялікага Маскварэцкага моста, які ўдалося адсачыць следчым. Газета таксама сцвярджае, што ў следства апынуліся сведкі з ліку супрацоўнікаў праваахоўных органаў: забойства яны не прадухілілі, але змаглі апісаць кілера.

Паводле звестак газеты, Губашава і Дадаева затрымалі за межамі Масквы, аперацыю правёў спецназ ФСБ і супрацоўнікі ГУУР МУС. Адбылося гэта ў ноч на суботу, 7 сакавіка, пасля чаго падазраваных тут жа даставілі ў Маскву. Цяпер яны знаходзяцца ў статусе падазраваных, як чакаецца, 8 сакавіка суд вынесе пастанову аб іх арышце. Паводле звестак крыніцы РІА "Новости" ў праваахоўных органах, затрыманыя могуць быць змешчаныя ў сталічны следчы ізалятар "Ляфортава".

"Коммерсант" даводзіць, што галоўную ролю ў выяўленні падазроных адыгралі тэхнічныя сродкі. Удзельнікі расследавання вывучылі запісы камер назірання як на Маскварэцкім мосце, так і па ходу руху аўто, які забраў забойцу. Затым звесткі аўтамабіля занеслі ў сістэму "Паток", што дазволіла адсачыць ягоныя перамяшчэнні ўжо за некалькі сутак. З запісаў атрымалася даведацца як пра непасрэднага выканаўцу забойства Нямцова, так і ягонага саўдзельніка, які сядзеў за стырном. Газета піша: "адпрацоўваючы атрыманы тэхнікамі матэрыял, супрацоўнікі праваахоўных органаў спачатку знайшлі аўтамабіль кілераў, а затым і людзей, якія карысталіся ім апошнім часам. Імі і выявіліся Губашаў і Дадаеў. Паводле некаторых звестак, яны ўжо прызналіся ў сваёй датычнасці да гучнага злачынства".

Раней афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Уладзімір Маркін паведаміў, што пошук саўдзельнікаў працягваецца. Канал LifeNews сцвярджае, што следства шукае чацвярых саўдзельнікаў, якія, як мяркуецца, дасталі зброю для забойства і праводзілі сачэнне за Барысам Нямцовым. Lenta.ru са спасылкай на ананімную крыніцу паведамляе, што месцазнаходжанне чатырох астатніх чальцоў групы "практычна ўстаноўленае, так што схавацца ім не ўдасца".

"Коммерсант" таксама сцвярджае, што, акрамя спадарожніцы Нямцова Ганны Дурыцкай, следства знайшло іншых відавочцаў - "супрацоўнікі праваахоўных органаў, нібыта па збегу абставін апынуліся ў раёне месца забойства". У публікацыі гаворыцца, што "атрыманыя ад іх апісанні кілераў...былі больш выразнымі", піша NEWSru.com.

Дадаеў служыць у чачэнскім батальёне "Поўнач"

Між тым журналістам удалося высветліць месца працы падазраваных ва ўчыненні злачынства. Паводле інфармацыі "Каўказскага вузла", Дадаеў служыць у батальёне "Поўнач" у Чачні, а Губашаў працаваў ахоўнікам у адным з гіпермаркетаў у Маскоўскай вобласці. Чым апошні займаецца цяпер, не ўдакладняецца.

"Сваякі Губашава і Дадаева паведамілі нам, што затрыманыя больш за дзесяць гадоў не жылі ў Інгушэціі", - распавёў інтэрнэт-парталу сакратар Рады бяспекі гэтай рэспублікі Альберт Барахаеў. Ён дадаў, што сваякі меркаваных злачынцаў "запрошаныя ў Раду бяспекі рэспублікі для гутаркі".

Батальён "Поўнач" уяўляе з сябе адно з двух падраздзяленняў спецназа ўнутраных войскаў МУС Расеі, укамплектаваных жыхарамі Чачні, якія дыслакуюцца ў рэспубліцы. Другі батальён называецца "Поўдзень". Яны былі створаныя пад патранатам кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава ў 2006 годзе.

Неназваная крыніца РБК у Радзе Бяспекі Інгушэціі пацвердзіла, што Дадаеў служыць у "Поўначы", а Губашаў працаваў ахоўнікам у падмаскоўным гіпермаркеце. Інтэрнэт-выданне сцвярджае, што абодва падазраваных нарадзіліся ў Інгушэціі, але апошнія дзесяць гадоў жылі ў Маскоўскай вобласці.

"Калі інфармацыя крыніц "Каўказскага вузла" аб тым, што адзін з падазраваных служыў у чачэнскім батальёне "Поўнач" пацвердзіцца, то гэта будзе даводзіць адно: падазраваныя звязаныя з заказчыкамі, якія, у сваю чаргу, звязаныя з Чачэніяй. І версія аб замежным следзе, агучаная адным з агенцтваў, не дакладная. Наша інфармацыя паказвае безгрунтоўнасць версіі аб замежным следзе і заказчыках забойства Нямцова, якія жывуць па-за Расеяй", - распавёў РБК галоўны рэдактар "Каўказскага вузла" Рыгор Шведаў.

Барыс Нямцоў быў застрэлены 27 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце. Злачынства адбылося, калі палітык накіроўваўся да сябе дадому. Паводле звестак паліцыі, забойца выпусціў шэсць куль у спіну Нямцову. Мэты дасягнулі чатыры з іх. У гэты час аўтамабіль супольніка бандыта пад’ехаў да месца здарэння, кілер сеў у аўтамабіль, і яны з'ехалі.

Апошнія навіны