Супрацоўнікі «Гомельдрэва»: Прадпрыемства не працуе, заробкаў няма
- 8.03.2015, 9:48
Найбуйнейшае ў краіне дрэваапрацоўчае прадпрыемства працуе ў абмежаваным рэжыме.
Задзейнічаныя толькі асобныя вытворчыя ўчасткі і службы забеспячэння. Усіх астатніх працоўных яшчэ 2 сакавіка адправілі ў прымусовы адпачынак, паведамляе «Радыё Свабода».«Радыё Свабода».
«Працуем, як можам. Вымушаны прастой атрымліваецца. Сёння я ў адпачынку з аплатай дзве траціны ад стаўкі. Мяркуеце, што толькі «Гомельдрэў» у такім становішчы? На маю думку, калі гаварыць у двух словах, проста адстаём ад попыту», - кажа адзін з рабочых.
Некаторыя дрэваапрацоўшчыкі дзівяцца, што прадпрыемства атрымала вялікія крэдыты пад рэканструкцыю, а цяпер прастойвае.
«Атрымліваецца, што ўклалі велізарныя сродкі, а належнай аддачы няма. Не да канца прадуманая мадэрнізацыя: укласці мільёны даляраў - і потым спыняцца? Грошы ж з неба не падаюць - за народныя грошы ўсё робіцца. Вядома, спадзяюцца, што ўсё выправіцца, пойдзе на карысць. Але з улікам цяперашняга крызісу ў Расеі сітуацыя будзе пагаршацца», - мяркуюць рабочыя.
Прадпрыемства з ягонай мэбляй, фанерай, зборнымі драўлянымі хаткамі, багетамі і піламатэрыяламі арыентаванае перш за ўсё на беларускі і расейскі рынках. Мэбля з масіва адпраўлялася і ў некаторыя іншыя краіны. Аднак сітуацыя на найважнейшых рынках змянілася, і прадпрыемства з ягонай нятаннай мэбляй трапіла ў складанае становішча.
Адзін з кіраўнікоў «Гомельдрэва» так каментуе прычыну абмежавання вытворчасці:
«Часткова ўчасткі працуюць, часткова, дзе няма пакуль працы, не працуюць. Нічога такога - у панядзелак будуць усё працаваць. Як быццам на іншых прадпрыемствах «жыруюць», а мы такія - самыя дрэнныя або наогул незразумела якія. На ўсіх прадпрыемствах свае цяжкасці».
Супрацоўнікі «Гомельдрэва» ж сярод прычын прастояў называюць слабы збыт прадукцыі і немагчымасць прадпрыемства разлічыцца за энэрганосьбіты - цяпло і электрычнасць:
"Няма збыту, і запазычанасці ёсць за электраэнэргію. Асвятленне дзяжурнае пакінулі, а сілавыя ўстаноўкі, абсталяванне выкарыстоўваць не дазваляюць. Якія там ліміты».
Суразмоўца ўспамінае, што на фанерна-запалкавай фабрыцы не працавалі і ў лютым:
«У лютым стаялі тыдзень, і вось цяпер тыдзень. Фанерны цэх цалкам загружаны фанерай. Праехаць няма дзе. Адгрузкі практычна не было».
Рабочыя скардзяцца, што на прадпрыемстве цяпер людзі атрымліваюць крыху больш за два мільёны - напалову менш, чым раней. А аванс даюць па 150 тысяч рублёў:
«Гэта жах! Усе скардзяцца. Прадукцыя ляжыць, няма рэалізацыі. Усё стаіць і няма заробкаў, дык адкуль жа ён будзе? Аванс даюць па 150 тысяч. Гэта такі абсурд, што хочацца рваць і кідаць. Дзе гэта бачана, каб на дрэваапрацоўчым камбінаце быў такі аванс? І яшчэ невядома, ці выйдзем на працу 9 сакавіка».
Многія беларускія прадпрыемствы адчуваюць складанасці з выплатай заробкаў супрацоўнікам. Прынамсі, ужо некалькі месяцаў запар паступаюць паведамленні аб пераводзе прадпрыемстваў на чатырох- і трохдзёнку, аб няпоўных выплатах заробкаў, іх памяншэнні, а таксама аб прымусовым выпраўленні ў адпачынак за свой кошт.
Колькасць беларусаў, якім не выплачваюць або затрымліваюць заробак, расце з пачатку года. Так, на 1 студзеня пратэрмінаваная запазычанасць у заробках была ў 20 прадпрыемстваў перад 3 тысячамі работнікаў на агульную суму Br22,1 млрд, на 1 лютага - у 277 прадпрыемстваў перад 49 тысячамі работнікаў на суму Br171 млрд.