BE RU EN

Дачка Нямцова: Забойства ўчыненае пры поўнай падтрымцы Крамля

  • 8.03.2015, 12:19

Старэйшая дачка Барыса Нямцова Жанна абвінаваціла Крэмль у датычнасці да гібелі свайго бацькі.

Пра гэта яна заявіла ў інтэрв'ю нямецкай газеце Bild am Sonntag, апублікаваным у нядзелю, 8 сакавіка.

"Я ўпэўненая, што гэта было заказное забойства", - сказала дачка забітага палітыка. Нямцова перакананая, што "забойства было ўчыненае пры поўнай падтрымцы ўлады" і "што выканаўцы былі ўпэўненыя, што не будуць пакараныя", паведамляе Deutsche Welle.

Адначасова дачка загінулага апазіцыянера ўпэўненая, што злачынства не будзе раскрытае. "Кагосьці пакараюць, але гэта будзе не той, хто сапраўды вінаваты", - падкрэсліла яна.

Акрамя таго, Жанна Нямцова паказала на сур'ёзныя наступствы гэтага забойства для расейскай апазіцыі. "Я больш не бачу апазіцыйных палітыкаў у Расеі, апазіцыя страціла свайго лідара", - упэўненая яна.

Нямцоў быў забіты ў цэнтры Масквы ў ноч на 28 лютага. Злачынец стрэліў яму ў спіну не менш за шэсць разоў і схаваўся з месца здарэння.

ФСБ Расеі ў суботу паведаміла пра затрыманне паводле падазрэння ў забойстве Барыса Нямцова Анзора Губашава і Заура Дадаева. Іх падазраюць у арганізацыі і выкананні злачынства. Затым стала вядома, што таксама затрыманы малодшы брат Губашава. Маці Дадаева ўдакладніла, што браты Губашавы - яе пляменнікі. Анзор Губашаў і Заур Дадаеў "каранямі з Ітум-Калінскага раёна Чачні", распавёў раней Барахоеў. Аб меркаваных ролях двух іншых затрыманых у злачынстве не паведамлялася.

Пазней сакратар Рады бяспекі Інгушэціі Альберт Барахоеў паведаміў, што ў Расеі яшчэ двое падазраваных затрыманыя паводле крымінальнай справы аб забойстве Нямцова.

Апошнія навіны