Беларусы ў чаканні чарговай дэвальвацыі
- 1.04.2015, 10:22
Больш за 81% беларусаў асцерагаюцца новай дэвальвацыі беларускага рубля ў наступныя месяцы.
Звесткі нацыянальнага апытання, праведзенага ў сакавіку, пацвердзілі выснову аб тым, што менавіта эканоміка становіцца самай сур'ёзнай праблемай для ўладаў, піша «Салiдарнасць».
Вынікі зандажу грамадскай думкі апублікаваў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.
Вось як размеркаваліся адказы на пытанне аб прычынах дэвальвацыі беларускага рубля ў дачыненні да даляра на 30% у снежні-студзені:
Праз паслабленне расейскага рубля - 45%;
Праз памылковую палітыку беларускага ўраду і Нацыянальнага банка - 37.4%;
Праз актыўную скупку валюты насельніцтвам - 24.6%.
Пры гэтым звыш 81% беларусаў асцерагаюцца новай дэвальвацыі беларускага рубля ў наступныя месяцы.
За першы квартал колькасць тых, хто лічыць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, павысілася з 52.3% да 67.5% . Ацэньваючы дзеянні ўрада ў яго пераадоленні, толькі 23.7% рэспандэнтаў сказалі, што ён «дзейнічаў эфектыўна, але не ў стане супрацьстаяць замежным прычынам крызісу (вайна ва Украіне, падзенне коштаў нафты і да т.п.)». Амаль 40% мяркуюць, што ўлады дзейнічаюць неэфектыўна, а спасылкі на замежныя прычыны - гэта спроба зняць з сябе адказнасць за крызіс.
Цікавае меркаванне грамадзян з нагоды поспехаў беларускай эканамічнай мадэлі:
Тлумачацца ўнутранымі прычынамі, расейская дапамога - важны, але не вызначальны фактар - 32.4%;
Калі б не расейская дапамога, ніякіх поспехаў беларускай эканомікі не было б - 35.4%;
Ніякіх поспехаў у беларускай эканомікі няма - 27%.
Сярэдняя сума даходаў (уключаючы заробкі, пенсіі, дапамогі і інш. прызаробкі), якая прыпадае на аднаго сямейніка ў мінулым месяцы, працягвала зніжацца - $288 у верасні-2014, $285 у снежні 2014, $211 у сакавіку-2015.