Захад і Дажынкі
- Андрэй Саннікаў
- 1.04.2015, 10:59
Замежныя госці зачасцілі ў Беларусь.
У дыктатара проста свята. За ўсе дваццаць гадоў ён не ведаў такога нашэсця замежных гасцей. Ды якіх гасцей. Кожны з еўрапейскіх палітыкаў, аналітыкаў, журналістаў і іншых дзеячаў, якія наведалі цягам апошніх некалькіх месяцаў, за гэтыя дваццаць гадоў адзначыўся самай бесстаронняй крытыкай Лукашэнкі і ягонага рэжыму. І не проста адзначыўся, а неаднаразова і прынцыпова. Усе гэтыя гучныя заявы і ацэнкі былі зусім апраўданыя і хоць неяк дапамагалі абараніць людзей, якім мне не пад сілу жыць пры гэтым рэжыме, а то і выратаваць іх жыцці.
Што ж адбылося? Змяніўся рэжым? Выпусцілі палітвязняў? Стала менш рэпрэсій? У Беларусі з'явілася магчымасць сумленных выбараў? Можа, прэсу сталі менш душыць? Не, не і не.
Проста на фоне ўкраінскай сітуацыі Еўропа радасна вярнулася да звыклай для сябе палітыкі «прымірэння» дыктатараў. Ёй і Украіна папярок горла, захацелі, бачыце, у Еўропу і прымушаюць псаваць стасункі з Расеяй. Януковіч быў, увогуле, хлопец нядрэнны, і размовы з ім былі шчырымі. Шмат чаго не патрабаваў, толькі грошай, у адрозненне ад гэтых, якім зброю падавай. Ну, не атрымалася з Януковічам, бо ўжо амаль стаў рэфарматарам. Трэба зноў паспрабаваць з Лукашэнкам. Гэта такая сталая праца ў еўрапейцаў: перавыхоўваць дыктатараў. Толькі вось дзіўным чынам у выніку такой працы дыктатуры ўмацоўваюцца і гінуць людзі.
Пілігрымку ў Беларусь адкрыла баранэса Эштан, прыехаўшы ў Менск у канцы жніўня 2014 года, акурат да дня нараджэння дыктатара. Тая самая Эштан, якая пасля 19 снежня 2010 года паклялася, што ніякіх кантактаў на найвышэйшым узроўні з рэжымам Лукашэнкі не будзе. Тут у еўрапейцаў не адбярэш, абстаўлена ўсё было з розумам: Эштан дабывала апошнія дні на пасадзе Вярхоўнай прадстаўніцы ЕЗ, а адыходзячы палітык можа і забыцца пра свае ранейшыя прынцыповыя заявы. Ды і нагода была высакароднай: мірныя перамовы. Тое, што месца для перамоваў выбіраў Крэмль, і мэтай іх было прадаўжэнне агрэсіі, а не пошук міру, можна было не заўважаць. Галоўнае - абвясціць, што мэта высокая, дзеля якой і да дробнага дыктатара з'ездзіць не сорамна.
Далей - больш, нават еўрапейскі лідар, канцлерка Нямеччыны прыязджала, чаго ўжо ніяк немагчыма было ўявіць. І зноў жа з высакароднай мэтай мірных перамоваў, але чамусьці зноў з пастановы Крамля.
Апошнім на сённяшні дзень стаў візіт цэлай дэлегацыі вядомых еўрапейскіх аналітыкаў і палітыкаў, арганізаваны пры падтрымцы міністэрстваў замежных спраў еўрапейскіх дзяржаў, падчас якога яны сустракаліся з нелегітымнымі афіцыйнымі асобамі, замешанымі ў злачынствах супраць свайго народа. Для іх нават блакаванне незалежных сайтаў злёгку прыпынілі. Вось з'едуць - тады і заблакуем.
Еўрапейская рада ў міжнародных стасунках прыехала разабрацца ў сітуацыі. Назвалі гэта «азнаямленчай паездкай». Гэта значыць, за дваццаць гадоў яшчэ не азнаёміліся. Яшчэ не зразумелі сутнасць рэжыму і маштабы рэпрэсій. Ах так, геапалітычная сітуацыя змянілася. Трэба ўсімі сродкамі супрацьстаяць Расеі.
Самым эфектыўным сродкам барацьбы з Расеяй з'яўляецца, вядома ж, не дапамога Украіне, а дапамога прарасейскаму дыктатару Лукашэнку. Ён жа Паўднёвую Асецію і Абхазію не прызнаў і наконт Украіны лезе ў пасярэднікі, хоць і падтрымаў анэксію Крыма.
Паводле такой логікі наступная азнаямленчая паездка павінна адбыцца ў Паўночную Карэю, якая цалкам выпадкова таксама не прызнала Асецію і Абхазію, а анэксію прызнала. Там таксама нейкі недаследаваны рэжым існуе.
Няёмка неяк падказваць паважаным еўрапейскім экспэртам і палітыкам, што ўсе гэтыя гульні з Захадам ужо былі, што ўся «міратворчасць» дыктатара падпарадкаваная адной мэце: выбіць з Захаду грошы на захаванне сваёй улады, бязлітаснай да грамадзян краіны і ветлівай да заходніх крэдытаў. Прычым, усё гэта адбываецца не толькі са згоды Крамля, але і пры яго падтрымцы. Крамлю трэба ваяваць з Украінай, трэба Украіну разваліць, і грошай на сваіх дыктатараў ужо няма.
А ў Лукашэнкі справы ў эканоміцы зусім дрэнныя. Экспарт абрынуўся на 30%. Грошай катастрафічна не хапае. Ягоны рэжым можа ўтрымацца, толькі калі атрымае заходнія крэдыты, і, у першую чаргу, крэдыт МВФ. Менавіта крэдыт МВФ выратаваў дыктатуру ў 2010 годзе, пасля той «лібералізацыі», якая скончылася крывавым пабоішчам на Плошчы. Тады таксама ездзілі экспэрты, палітыкі, вядомыя журналісты бралі ў дыктатара інтэрв'ю.
Пачаў тую «лібералізацыю» таксама Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ Хаўер Салана. Тыя таксама былі разумныя, казалі, што ведаюць, як і што рабіць. У выніку ў рэжым запампавалі велізарныя грошы, а апазіцыя і грамадзянская супольнасць засталіся нават без маральнай падтрымкі.
Вось і цяпер у ход пайшлі ранейшыя метады вымантачвання крэдытаў. Дзеля грошай можна і пра вядучую ролю ЗША ў свеце сказаць. Там ужо не памятаюць расісцкіх абраз у адрас іх прэзідэнта.
Раней старшыня нацыянальнага банка Беларусі, каб разжаліць МВФ казаў, што ніяк нельга праводзіць рэформы, бо трэба ўтрымліваць калгасы. Цяпер ужо будуць іншыя аргументы: «Як гэта вы нам не дасце крэдыту? А Ангела Мэркель згодная. А яшчэ ў нас сам Карл Більдт быў, той самы з твітэра, што раней казаў, быццам дні Лукашэнкі палічаныя. Ну і там Франсуа Аланд...».
У Еўропе нарэшце пачалі звяртаць увагу на лабістаў Пуціна, якія занялі ўплывовыя пазіцыі ў палітыцы, аналітыцы, прэсе. Пачалі казаць пра бізнэс-сувязі гэтых лабістаў з крамлёўскім рэжымам, сталі выводзіць іх на чыстую ваду. Можа дойдзе і да сур'ёзнай стратэгіі ў дачыненні да Расеі. Прынамсі, сувязі з крамлёўскай дыктатурай сталі балюча біць па рэпутацыі еўрапейцаў. З дыктатарам Пуціным мець стасункі небяспечна, а вось з Лукашэнкам, які ператварыў краіну ў выпрабавальны палігон для Крамля, можна. І лабіяваць яго ў Еўропе можна. Проста трэба прыдумляць гэтаму лабіяванню прыгожыя назвы, накшталт «пошукі міру» або «азнаямленчая місія».
Калісьці Лукашэнка прыдумаў сабе свята - Дажынкі. Яно не мае нічога агульнага з народнай традыцыяй заканчэння збору ўраджаю. Яго арганізуюць на пацеху дыктатару і ягонай чэлядзі па самых недарэчных савецкіх канонах: спешна фарбуюць дамы, кладуць у лужыны асфальт і надзяваюць на рабацяг аднолькавыя касцюмы і прэвентыўна садзяць за краты ўсіх нядобранадзейных. Пасля пацехі фарба з дамоў аблазіць, дарогі правальваюцца і выяўляецца буйная нястача грошай, якія проста раскралі. На Дажынкі добраахвотна не прыязджаюць, там усё строга, і прывозяць людзей па разнарадцы. Усе ведаюць, чым Дажынкі сканчаюцца, але пакорліва ў іх удзельнічаюць.
Лукашэнка не мог і марыць, што ягоныя Дажынкі набудуць міжнародны размах, і паедуць на іх з усіх заморскіх бакоў добраахвотна, а не прымусова. Паедуць, ведаючы, як кладуць у лужыны асфальт і чым усё гэта сканчаецца. Ведаючы, што ніякага дачынення ні да дэмакратыі, ні да еўрапейскіх каштоўнасцяў гэтыя паездкі не маюць.
Можна было б і не заўважаць гэтых усіх візітаў, калі б не іх наступствы, катастрафічныя для Беларусі.
Пасля кожнай арганізаванай дыктатурай «лібералізацыі», у якой ахвотна ўдзельнічаюць еўрапейцы, гінуць людзі - нашы сябры, родныя, блізкія, расце колькасць палітвязняў. Пасля кожнай «лібералізацыі» скалечанымі выяўляюцца лёсы сотняў тысяч людзей.
Кожная «лібералізацыя» ратуе рэжым, які вісіць на валаску і аддаляе Беларусь ад Еўропы.
Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для charter97.org
Фота: ECFR Wider Europe