Заур Дадаеў заявіў, што перад затрыманнем яго выкралі
- 1.04.2015, 16:29
Абвінавачаны паводле справы аб забойстве палітыка Барыса Нямцова Заур Дадаеў заявіў, што перад тым, як яго затрымалі, ён быў выкрадзены.
Пра гэта паведамляе РІА «Новости».
«Я быў выкрадзены 5 сакавіка, і 7 сакавіка мне было аб'яўлена, што я затрыманы. Дзе я быў двое сутак? Што са мной было за гэтыя двое сутак? Увесь гэты час мне казалі што, дзе і як я павінен сказаць», - адзначыў фігурант справы.
Са слоў пракуратуры, ёй скаргі на ціск і выкраданне не паступалі. Следчы абяцаў агучаную інфармацыю праверыць.
Раней Дадаеў заявіў у судзе, што даў прызнальныя паказанні пад ціскам.
Таксама стала вядома, што фігурант рэзананснай справы звярнуўся па дапамогу ў «Камітэт супраць катаванняў».
Заур Дадаеў, Тамерлан Эскерханаў, Анзор і Шагіт Губашавы і Хамзат Бахаеў 8 сакавіка 2015 года былі арыштаваныя Басманным судом Масквы паводле падазрэння ў забойстве палітыка Барыса Нямцова.
Лідар расейскай апазіцыі быў забіты ў ноч на 28 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце ў цэнтры сталіцы. У палітыка трапілі чатыры кулі, ён памёр на месцы.
Фота: Reuters