BE RU EN

Прэзідэнт Чэхіі наважыў не ўдзельнічаць у парадзе ў Маскве

  • 10.04.2015, 15:49

Мілаш Зэман прыедзе ў Маскву на святкаванне 70-годдзя перамогі над фашызмам, але не будзе прысутнічаць на вайсковым парадзе на Краснай плошчы.

Пра гэта ў пятніцу журналістам паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта Чэхіі Іржы Оўчачэк. Час, адведзены на вайсковы парад, прэзідэнт выкарыстае для двухбаковых перамоваў са славацкім прэм'ерам Робертам Фіцо, паведамляе РБК са спасылкай на Bloomberg.

Плануецца, што прэзідэнт Чэхіі прыляціць у Маскву ў пятніцу, 8 траўня, а 9 траўня возьме ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ў памяць аб савецкіх воінах, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

«Цяперашняя пастанова [аб тым, што Зэмана не будзе сярод гледачоў параду на Краснай плошчы] не мае ніякай сувязі з крытыкай, якая гучала цягам апошніх дзён», - адзначыў прэс-сакратар прэзідэнта Чэхіі.

У прэс-службе прэм'ера Славаччыны не змаглі аператыўна пацвердзіць удзел Роберта Фіцо ва ўрачыстасцях у Маскве.

У сакавіку амбасадар ЗША ў Чэхіі Эндру Шапіра заявіў, што прысутнасць чэшскага прэзідэнта на ўрачыстасцях, прысвечаных святкаванню Дня Перамогі ў Маскве, прывядзе да дыскрэдытацыі пазіцыі Захаду аб Украіне. Мілаш Зэман жорстка адрэагаваў на словы дыпламата, абвясціўшы, што закрывае для яго дзверы сваёй рэзідэнцыі Пражскі Град.

«Не магу ўявіць, каб чэшскі амбасадар у Вашынгтоне раіў амерыканскаму прэзідэнту, куды яму ехаць. Я не дазволю ніводнаму паслу ўмешвацца ў планы маіх замежных візітаў», - падкрэсліў тады Зэман.

Пасля рэакцыя Зэмана на словы амбасадара ЗША і ягонае жаданне паехаць на парад Перамогі ў Маскву сталі прадметам крытыкі ў краіне. «Я, натуральна, хацеў бы бачыць падыход прэзідэнта да замежнай палітыкі і дыпламатыі трохі больш прафесійным. Я мяркую, што рэакцыя прэзідэнта Зэмана неадэкватная», - заявіў чэшскі прэм'ер Багуслаў Саботка. Паводзіны Зэмана раскрытыкавалі і іншыя чэшскія палітыкі.

Як вядома, многія еўрапейскія лідары адмовіліся ад удзелу ў парадзе ў Маскве. Прынамсі, раней аб адмове ўдзельнічаць у парадзе заяўлялі прэзідэнт Чарнагорыі Філіп Вуянавіч, прэзідэнт Малдовы Мікалае Цімафці, прэзідэнт Фінляндыі Саўле Ніінісцё, прэзідэнт Славаччыны Андрэй Кіска і прэзідэнт Балгарыі Расен Плеўнеліеў.

У Маскву таксама адмовіліся прыехаць прэзідэнт ЗША Барак Абама, канцлерка ФРГ Ангела Мэркель, прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Дэвід Кэмеран, старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск, прэзідэнты Польшчы Браніслаў Камароўскі і Славеніі Борут Пахар.

Апошнія навіны